Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.12.2018

Вучоныя НАН Беларусі распрацавалі мабільны дадатак “Надвор’е ў кішэні”

Вучоныя і спецыялісты УП “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Беларусі распрацавалі мабільны дадатак “Надвор’е ў кішэні”.

“Надвор’е ў кішэні” – першая (непрамысловая) версія мабільнага дадатку Белгідрамета для платформы Android 4.1 і вышэй з распазнаваннем экрана 854x480.

“Надвор’е ў кішэні” прадстаўляе карыстальніку інфармацыю аб фактычным надвор’і, гідралагічным, аграметэаралагічным і радыяцыйна-экалагічным становішчы ў населеных пунктах Рэспублікі Беларусь.

Гэтая інфармацыя – вынік аўтаматызаванай апрацоўкі даных вымярэнняў у пунктах дзяржаўнай назіральнай сеткі Белгідрамета. Штармавыя папярэджанні сіноптыкаў Белгідрамета фарміруюцца загадзя, а абвесткі аб небяспечных і неспрыяльных метэаралагічных з’явах робяцца па меры іх узнікнення. Прагнастычныя метэаралагічныя даныя разлічваюцца аўтаматычна без кантролю і карэкціроўкі з выкарыстаннем агульнапрызнаных колькасных мадэлей надвор’я на вылічальных магутнасцях Белгідрамета. Забяспечваецца агульнапрыняты сэрвіс: выбар населенага пункта і прагляд даных для яго; профіль з наборам даных, арыентаваных на канкрэтнага карыстальніка – дачніка, рыбака, аматара прыроды.

Тэставая версія мабільнага дадатку Белгідрамета “Надвор’е ў кішэні” ўжо размешчана на Play Market Google.