Казак Мікалай Станіслававіч – вядомы дзеяч навукі і тэхнікі, які ўнёс значны ўклад у оптыку, акустаоптыку і лазерную фізіку. Казаком М.С. праведзена ўдасканаленне тэматыкі фундаментальных даследаванняў і распрацовак з мэтай поўнай яе адпаведнасці практычным патрэбам галін эканомікі Рэспублікі Беларусь, а таксама канцэнтрацыі кадравага і матэрыяльна-тэхнічнага патэнцыялу на вырашэнні актуальных пытанняў для прамысловых прадпрыемстваў у ДНВА “Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка” і Інстытуце фізікі НАН Беларусі. З гэтай мэтай пад яго кіраўніцтвам у 2018 г. у абедзвюх арганізацыях ажыццёўлены шэраг мерапрыемстваў па структурных, арганізацыйных і кадравых пераўтварэннях.
Казаком М.С. унесены значны асабісты ўклад у стварэнне новых навуковых напрамкаў – лінейную і нелінейную оптыку квазібездыфракцыйных светлавых пучкоў і оптыку метаматэрыялаў. У 2018 г. ім працягнуты фундаментальныя даследаванні ў рамках міждысцыплінарнага кірунку, які бурна развіваецца – аптычныя метаматэрыялы, у прыватнасці: ім распрацаваны аптымальныя канфігурацыі плоскіх лінз з суперраспазнаваннем (так званыя суперлінзы) блізкага і далёкага поля і з іх прымяненнем прапанаваны метад наналітаграфіі з высокім прасторавым распазнаваннем (апублікавана ў часопісе «Nonlinear Phenomenain Complex Systems», у друку ў часопісе «Semiconductors»); распрацаваны высокаадчувальны інтэрфераметрычны метад дыягностыкі метаматэрыялаў (апублікавана ў часопісе «Nonlinear Phenomenain Complex Systems», у друку ў часопісе “Прыборы і тэхніка эксперымента”).
Упершыню вызначаны асаблівасці новага тыпу акустааптычнага ўзаемадзеяння, а менавіта, дыфракцыі бесселева светлавога пучка на бесселевым акустычным пучку ў крышталях (апублікавана ў часопісе “Optics Communications”). У рамках выканання прамога кантракту з Шаньдуньскім інстытутам па касмічнай электроннай тэхналогіі (Кітай) прапанаваны інавацыйны метад фарміравання квазібездыфракцыйных пучкоў з высокай восевай інтэнсіўнасцю, які з’яўляецца перспектыўным для рэалізацыі аптычнай сувязі і транспарціроўкі лазернай энергіі ў свабоднай прасторы на вялікія адлегласці. Упершыню вывучаны асаблівасці акустааптычнай фільтрацыі квазібездыфракцыйных поліхроматычных бесселевых светлавых пучкоў (апублікавана ў «Proceedings of 18 International Conference on Laser Optics (ICLO 2018.)»). Прапанаваны метад генерацыі электракіруемых пучкоў Эйры ў двухвосевых крышталях і даследаваны іх уласцівасці (у друку ў «Proceedings IEEE»).
Казак М.С. з’яўляецца навуковым кіраўніком і старшынёй Навуковага савета па ГПНІ “Фатоніка, опта- і мікраэлектроніка”, прымае актыўны ўдзел у выкананні ГПНІ “Фатоніка, опта- і мікраэлектроніка”, кіруе работамі па праекце “Атмасфера – 17” (ДСП), па мерапрыемстве 5.4 Праграмы саюзнай дзяржавы “Прамень”, па інавацыйным праекце “Бліжнепольны мікраскоп” праграмы ДНТП “Эталоны і навуковыя прыборы”, падпраграмы “Унікальнае навуковае абсталяванне”. З’яўляецца навуковым кіраўніком і прымае непасрэдны ўдзел у выкананні кантрактаў з Шаньдуньскім інстытутам па касмічнай электроннай тэхналогіі (Кітай). Пад кіраўніцтвам М.С. Казака і пры яго непасрэдным удзеле ў 2018 г. распрацаваны шэраг нарматыўных прававых актаў і канцэпцый, у тым ліку: канцэпцыя праграмы Саюзнай дзяржавы па развіцці сонечнай энергетыкі ў Беларусі і Расіі; прапановы па развіцці работ з Цэнтрам геафізічнага маніторынгу ў Беларусі; абгрунтаванне стварэння двух галіновых лабараторый з Дзяржстандартам Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам прамысловасці; абгрунтаванне развіцця работ у галіне оптаэлектронных датчыкаў і сэнсараў, а таксама рабатызаваных сістэм для стварэння ў ДНВА двух спецыялізаваных лабараторый. Прадоўжаны работы ў якасці старшыні каардынацыйнай Рады кластара па развіцці даследаванняў і распрацовак у рамках інавацыйна-прамысловага кластара “Опта, мікра- і ЗВЧ-электроніка”. У 2018 г. Казак М.С. з’яўляўся Старшынёй Праграмнага камітэта VIII міжнароднай школы-канферэнцыі маладых вучоных і спецыялістаў “Сучасныя праблемы фізікі”, Старшынёй аргкамітэта I міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі “Опта- мікра- і ЗВЧ электроніка -2018”, членам Міжнароднага назіральнага камітэта двух Міжнародных канферэнцый па фізіцы плазмы і па нелінейных з’явах у складаных сістэмах. Ім былі прадстаўлены пленарны, запрошаны і вусны даклады на трох міжнародных канферэнцыях.
Казак Н.С. – член Прэзідыума ВАК Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, ён з’яўляецца Старшынёй Вучонага савета Інстытута фізікі НАН Беларусі; членам падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі; членам камісіі па прэміях НАН Беларусі; членам Навуковага савета Расійскай акадэміі навук па оптыцы і лазернай фізіцы, членам Фраўнгофераўскага таварыства, членам Беларускага фізічнага таварыства.
Казак М.С. з’яўляецца членам рэдкалегіі трох навуковых часопісаў, адзін з якіх замежны: “Даклады НАН Беларусі”, “Весці НАН Беларусі. Серыя фізіка-матэматычных навук”, “Нанатэхналогіі, распрацоўка, прымяненне”(РФ).
Казак М.С. узнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны (2002), Ордэнам Пашаны (2012), Залатым медалём Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2015). З’яўляецца лаўрэатам Прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978 г.), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2000 г.).
Званне “Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” прысуджаецца штогод. Мэта конкурсу на прысуджэнне гэтага звання – выяўленне і заахвочванне найбольш эфектыўна працуючых вучоных Акадэміі навук, азнаямленне навуковай грамадскасці з найбольш значнымі дасягненнямі вучоных, умацаванне іміджу НАН Беларусі. Мяркуецца, што гэты конкурс будзе стымуляваць творчую актыўнасць, спрыяць павышэнню прэстыжу навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці, выніковасці навуковай працы і інавацыйнай дзейнасці, развіццю навуковых школ, якія дзейнічаюць у НАН Беларусі.