НАН Беларусі назвала Топ-10 вынікаў вучоных за 2018 год
На падставе вынікаў конкурсу, праведзенага Камісіяй для ацэнкі матэрыялаў конкурсу “Топ-10” 2018 года, Бюро Прэзідыума НАН Беларусі прыняло рашэнне прызнаць Топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных Акадэміі навук за 2018 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў.
Згодна з рашэннем Бюро Прэзідыума НАН Беларусі, пераможцамі прызнаны:
Калектыў вучоных Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі і Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі – за вылучэнне навуковай гіпотэзы і эксперыментальнае пацвярджэнне наяўнасці ў алмазе з NV цэнтрамі мноства палажэнняў ізатапічнага вугляроду, найбольш падыходячых для практычнай рэалізацыі квантава-інфармацыйных прылад памяці і карэкцыі памылак у працэсарах на NV-спінавых сістэмах, а таксама для прымяненняў у нанаметралогіі і біямедыцыне.
Аўтарскі калектыў Інстытута фізікі НАН Беларусі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі і дзяржаўнага прадпрыемства “Акадэмфарм” – за ўстанаўленне механізму лятальнага дзеяння святла бачнай зоны спектра на патагенныя мікраарганізмы, сутнасць якога заключаецца ў эфекце шматударнасці і назапашванні вызначанай колькасці фотапашкоджанняў жыццёва важных малекул-мішэняў для распрацоўкі новых фотатэрапеўтычных тэхналогій эфектыўнай інактывацыі.
Вучоныя Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя В.А.Белага НАН Беларусі – за выяўленне эфекту анамальнага павышэння (больш чым на два парадкі) вязкасці расплаву сумесяў аліфатычных поліамідаў з палімерамі алефінаў, які забяспечыў сінтэз прынцыпова новых тыпаў шматфункцыянальных поліамідных матэрыялаў, у тым ліку суперударатрывалых.
Калектыў вучоных Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі – за стварэнне нанакаталізатараў новага пакалення на аснове галуазітавых нанатрубак для сінтэзу гетэрацыклічных злучэнняў, якія валодаюць высокай біялагічнай актыўнасцю.
Аўтарскі калектыў Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі – за распрацоўку новых уяўленняў аб палеагеадынамічнай эвалюцыі глыбінных зон зямной кары і верхняй мантыі Прыпяцкага і Дняпроўскага палеарыфтавых нафтагазаносных басейнаў, якія дазваляюць павысіць эфектыўнасць геолагаразведачных работ.
Вучоныя Інстытута лесу НАН Беларусі – за ўстанаўленне малекулярна-генетычных механізмаў фарміравання ўстойлівасці драўняных раслін да біятычных і абіятычных стрэсаў на аснове метагеномнага аналізу мікробных супольнасцей і секвеніравання ядзерных і цытаплазматычных геномаў лесаўтваральных форм, што забяспечвае ўдасканаленне мерапрыемстваў па селекцыі.
Калектыў аўтараў Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі – за выяўленне эфекту ўплыву глебавых мікраарганізмаў на біялагічную мабільнасць радыенуклідаў як асновы новага пакалення тэхналогій нівеліравання пераходу радыеактыўнага цэзію ў сельскагаспадарчыя расліны.
Вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі – за выяўленне і даследаванне ўнікальных помнікаў і артэфактаў сусветнага ўзроўню метадамі падводнай археалогіі: стаянкі неаліта-бронзавага веку Крывіна-3; лодкі-доўбанкі пачатку XVI стагоддзя, паднятай са дна ракі Нёман; абарончых збудаванняў Жаберскага замка XVII-XVIII стагоддзяў; месца пераправы арміі Напалеона ў лістападзе 1812 г. праз р. Бярэзіну.
Аўтарскі калектыў Інстытута пладаводства – за стварэнне арыгінальнага гібрыднага фонду яблыні з выкарыстаннем маркер-спадарожнай селекцыі, што дазволіла атрымаць выбітны гатунак сярэдняга тэрміну паспявання з павышанай ураджайнасцю, высокай зімаўстойлівасцю і ўстойлівасцю да хвароб.
Іван Шайко, першы намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі – за распрацоўку метадаў паскоранага атрымання высакаякасных генатыпаў жывёл, заснаваных на канструяванні сумарных індэксаў ацэнкі племянных якасцей жывёл, якія дазваляюць паскорыць селекцыйны працэс.
Узнагароджанне пераможцаў будзе прымеркавана да святкавання Дня беларускай навукі ў студзені 2019 года.