Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.12.2018

Віншаванне Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэміка Уладзіміра Гусакова з Новым 2019 годам і Калядамі

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!

Сыходзіць 2018 год, год 90-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён быў насычаным і напружаным. Дазволіў прасунуцца па ўсіх напрамках, вырашаць важныя і часам амбіцыйныя задачы, атрымаць навуковыя вынікі высокага міжнароднага ўзроўню.

У 2018 годзе Нацыянальная акадэмія навук стала цэнтрам шматлікіх важных мерапрыемстваў. Знакавай падзеяй для ўсёй краіны стаў XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які сабраў легендарных касманаўтаў і астранаўтаў з розных краін свету, высокіх замежных гасцей, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, нацыянальных касмічных агенцтваў, беларускіх навукоўцаў, інжынераў і студэнтаў. Форум стаў важным этапам у развіцці навуковага і інавацыйнага супрацоўніцтва паміж краінамі ў касмічнай сферы, дазволіў Беларусі пашырыць узаемадзеянне з Асацыяцыяй удзельнікаў касмічных палётаў і касмічнымі агенцтвамі шэрагу дзяржаў.

Кіраўнікоў акадэмій навук краін СНД, вядучых замежных акадэмій, вядомых навукоўцаў сабралі ў Мінску ўрачыстасці, прысвечаныя святкаванню 25-годдзя Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук.

Акрамя таго, у юбілейным годзе на базе НАН Беларусі, яе арганізацый прайшоў цэлы шэраг буйных міжнародных навуковых форумаў па самых розных напрамках развіцця навукі.

Канчатковыя вынікі 2018 года будуць падведзены пазней. Але ўжо зараз можна гаварыць пра тое, што намечаныя мэты дасягнуты. Наперадзе – не менш напружаная праца. Дзяржава і асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка аказваюць сур’ёзную падтрымку развіццю айчыннай навукі і ставяць перад навукоўцамі апераджальныя задачы. Нязменнай з’яўляецца галоўная мэта – павышэнне навукова-тэхнічнага патэнцыялу краіны, паскарэнне ўкаранення ў рэальны сектар эканомікі эфектыўных распрацовак навукоўцаў, павышэнне актыўнасці навукі ва ўсіх галінах. На гэта сёння мы павінны сканцэнтраваць усе намаганні. Важна тое, што ў акадэмічным асяроддзі ёсць аб’ектыўнае разуменне таго, што эфектыўнасць нашай навуковай дзейнасці з улікам існуючага патэнцыялу можна і далей нарошчваць.

Упэўнены, 2019 год прынясе навукоўцам НАН Беларусі новыя творчыя здзяйсненні, навуковыя адкрыцці і, вядома, новыя ўзнагароды, званні і ступені.

Дарагія сябры!

Ад усёй душы і з найвялікшай надзеяй на далейшае ўстойлівае развіццё сардэчна віншую вас з надыходзячым Новым 2019-м годам і светлым святам Нараджэннем Хрыстовым! Жадаю вам і вашым сем’ям міру, здароўя, невычэрпнай энергіі і аптымізму, шчасця, цяпла і дабрабыту, поспехаў у справах і пачынаннях у імя высакароднай мэты – працвітання нашай любімай Радзімы!

З павагай,
Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай
акадэміі навук Беларусі, акадэмік