Сумесны Беларуска-кітайскі навукова-практычны цэнтр вылічальнай семантыкі, штучных інтэлектуальных сістэм і смарт-тэхналогій “У Сін” будзе стварацца ў рамках ініцыятывы “Адзін пояс – адзін шлях”. Яго мэта – актывізацыя развіцця айчыннага кітаязнаўства на аснове апошніх дасягненняў навукі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, фарміраванне ў Рэспубліцы Беларусь высокапрафесійнага кітаязнаўчага асяроддзя. Плануецца, што ў складзе Цэнтра будуць функцыянаваць аддзелы кітаязнаўства, вылічальнай семантыкі і штучных інтэлектуальных сістэм і смарт-тэхналогій. Сярод задач новай арганізацыі – садзейнічанне ўстановам адукацыі Рэспублікі Беларусь у выкладанні кітайскай мовы і кітаязнаўчых дысцыплін; асвета ў галіне кітайскай матэрыяльнай і духоўнай культуры, а таксама прапагандаванне беларускай культуры ў кітаямоўным асяроддзі; арганізацыя і правядзенне навуковых даследаванняў у розных галінах кітаязнаўства; аказанне дапамогі ў каардынацыі кітаязнаўчай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь і экспертыза беларуска-кітайскіх інавацыйных праектаў, якія адносяцца да кампетэнцыі Цэнтра, правядзенне навуковых даследаванняў па актуальных і значных праблемах у галіне вылічальнай семантыкі, штучных інтэлектуальных сістэм і смарт-тэхналогій. На базе сумеснага Беларуска-кітайскага навукова-практычнага цэнтра будуць не толькі праводзіцца даследаванні і распрацоўкі ў галіне прававога забеспячэння навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, маніторынг навуковых даследаванняў і распрацовак прававой і інавацыйнай накіраванасці, што выконваюцца арганізацыямі НАН Беларусі і правінцыі Гуандун КНР, але і выпрацоўвацца прапановы па іх укараненні ў рэальны сектар эканомікі дзвюх краін. Новая навуковая арганізацыя будзе забяспечваць паўнапраўны ўдзел беларускай навуковай супольнасці ў мерапрыемствах па навуковым і навукова-тэхнічным забеспячэнні рэалізацыі кітайскай ініцыятывы “Адзін пояс – адзін шлях”, садзейнічаць пашырэнню палітычных, эканамічных, навуковых, адукацыйных і культурных сувязей Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай.