Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.01.2019

Адбылася прэс-канферэнцыя “Беларусь – гістарычная памяць пакаленняў і погляд у будучыню”

29 студзеня 2019 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя: “Беларусь – гістарычная памяць пакаленняў і погляд у будучыню”. На прэс-мерапрыемстве былі прадстаўлены новыя выданні РУП “Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Вучоныя НАН Беларусі прынялі ўдзел у выпуску наступных кніг: персанальнай энцыклапедыі “Янка Купала” ў 3-х тамах, ілюстраванай энцыклапедыі “Музеі Беларусі”, кнігі серыі “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці” пра Хатынь і Трасцянец. У прэс-канферэнцыі ад НАН Беларусі прынялі ўдзел: Іван Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуры НАН Беларусі, Галіна Флікоп-Світа, супрацоўніца Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Іван Саверчанка расказаў аб працы вучоных НАН Беларусі над багата ілюстраваным трохтомным энцыклапедычным выданнем “Янка Купала”, у якім утрымліваецца каля 1500 літаратуразнаўчых і біяграфічных артыкулаў, прысвечаных жыццю і творчасці беларускага пісьменніка.

Галіна Флікоп-Світа ў сваім выступленні адзначыла ўнікальнасць выдання, прысвечанага музеям Беларусі. У дадзенай кнізе складальнікі і выдавец змаглі наглядна і ярка паказаць асаблівасці і ўнікальнасць кожнага з прадстаўленых у выданні музеяў.