Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.02.2019

Адбылася прэс-канферэнцыя па ўжыванні тэхналогій генетычнага аналізу

20 лютага 2019 года ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: “Ужыванне тэхналогій генетычнага аналізу: раскрыццё злачынстваў і прагназаванне хвароб”. Ад НАН Беларусі ў мерапрыемстве прыняла ўдзел загадчыца лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Ірма Барысаўна Мосэ.

Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі былі азнаёмлены з ходам правядзення і напрацоўкамі праграмы Саюзнай дзяржавы “ДНК-ідэнтыфікацыя”, якую з беларускага боку вядуць ДНУ “Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі” і Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Ірма Мосэ адзначыла, што на гэтым тыдні запланавана сустрэча з сувыканаўцам гэтай праграмы з расійскага боку, на якой будзе абмяркоўвацца ход работ па праграме.

У прыватнасці, сярод работ праграмы ставіцца мэтай распрацоўка тэхналогіі вызначэння па ДНК этнагеаграфічнага паходжання, узросту, выгляду злачынца. ДНК-ідэнтыфікацыя заклікана дапамагчы не толькі ў пошуку злачынца, але таксама ва ўстанаўленні асобы чалавека, які загінуў або страціў памяць. Таксама саюзная праграма прадугледжвае распрацоўку інавацыйных тэхналогій для медыцыны, вывучэнне генетычнай схільнасці да розных захворванняў.

Рэалізацыя саюзнай праграмы пачалася ў 2017 годзе. Яна разлічана на пяць гадоў.