Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.05.2019

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі з Днём Перамогі

Дарагія ветэраны, паважаныя калегі!

Ад імя Прэзідыума НАН Беларусі і ад сябе асабіста віншую вас са святым для ўсяго беларускага народа святам – Днём Перамогі!

Чым далей у гісторыю сыходзіць Вялікая Айчынная вайна, тым выразней праступае дзіўная вышыня чалавечага духу, глыбіня сапраўднага патрыятызму ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы. Праявіўшы выключную адвагу, цаной бяспрыкладнай самаахвярнасці героі Вялікай Айчыннай адстаялі нашу свабоду і абаранілі свет ад нацызму. Іх стойкасць, мужнасць і само жыццё –сапраўдны прыклад доблесці і гераізму для нашчадкаў.

На жаль, сёння такіх людзей застаецца ўсё менш. Вельмі важна, каб усе ўдзельнікі вайны, працаўнікі тылу, члены сем’яў загінуўшых франтавікоў адчувалі паўсядзённую падзяку, увагу і клопат. Свята Перамогі – магутны стымул для ўзмацнення патрыятычнага выхавання моладзі, высакароднай працы па захаванні подзвігаў нашых землякоў, усіх абаронцаў Радзімы.

Асабліва трэба адзначыць уклад вучоных у вялікую Перамогу. Яны стваралі новыя ўзоры ваеннай тэхнікі, сродкі абароны, медыцынскія прэпараты, метады лячэння параненых, якія дапамаглі краіне выстаяць і перамагчы фашызм. У пасляваенны перыяд дасягненні ветэранаў-вучоных дазволілі нашаму народу дасягнуць маштабных вынікаў у справе аднаўлення рэспублікі, стварыць моцную навуковую і адукацыйную сферу, канкурэнтаздольную прамысловасць і сельскую гаспадарку.

Мы поўныя падзякі тым, хто аддаў сваё жыццё за нашу свабоду, тым, хто прайшоў праз вайну і аднаўляў разбураныя дамы, заводы, гарады, навуку. Мы будзем заўсёды помніць пра тое, што менавіта савецкі народ забяспечыў асноўны ўклад у разгром гітлераўскай кааліцыі. Вайна не азлобіла беларусаў. Мы робім усё магчымае, каб народы жылі ў міры, а рознагалоссі паміж дзяржавамі вырашаліся выключна мірным шляхам, без прымянення сілы.

9 мая, Дзень Перамогі назаўжды застанецца сімвалам стойкасці і яднання нацыянальнага духу. Сёння мы славім доблесных франтавікоў, захапляемся самаадданасцю працаўнікоў тылу, шануем светлую памяць герояў, якія не вярнуліся з палёў бітваў, якія пайшлі ад нас за мінулыя гады.

Нізкі паклон вам, дарагія ветэраны! Моцнага вам здароўя, доўгіх гадоў жыцця і душэўнага цяпла!

Шчыра жадаю ўсім шчасця, дабрабыту і поспехаў!

Са святам ПЕРАМОГІ, дарагія ветэраны!
Са святам, паважаныя калегі!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі