Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.06.2020

Пайшоў з жыцця акадэмік Мікалай Мікалаевіч Бамбалаў

2 чэрвеня 2020 г. за дзень да 82-годдзя раптоўна пайшоў з жыцця акадэмік НАН Беларусі, вядомы вучоны ў галіне геахіміі і экалогіі глеб і балот, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Бамбалаў Мікалай Мікалаевіч.

У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй развітанне з Мікалаем Мікалаевічам Бамбалавым будзе праходзіць з абмежаванай колькасцю прысутных. Паніхіда адбудзецца 4 чэрвеня ў 15:00 на Усходніх могілках у г. Мінску.

Усё жыццё Мікалая Мікалаевіча было звязана з вывучэннем балот, працэсаў мінералізацыі і трансфармацыі арганічнага рэчыва тарфяна-балотных глеб, распрацоўкай шляхоў і метадаў біясферна-сумяшчальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў балот і глеб.

Мікалай Мікалаевіч Бамбалаў нарадзіўся 3 чэрвеня 1938 года ў г. Шаталава Смаленскай вобласці. У 1961 годзе закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. У 1962 г. прыняты на працу ў Інстытут торфу, які пазней быў пераўтвораны ў Інстытут праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, а яшчэ пазней – у Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі. Тут ён закончыў аспірантуру, працаваў на пасадах інжынера, малодшага і старшага навуковага супрацоўніка. У 1968 г. абараніў дысертацыю «Змяненні фізіка-хімічных уласцівасцей гумінавых кіслот у працэсе гуміфікацыі торфаў» на атрыманне вучонай ступені кандыдата хімічных навук. У 1976 г. быў абраны загадчыкам лабараторыі тарфяных і сапрапелевых радовішчаў, генезісу торфу і сапрапеляў. У 1985 г. М.М. Бамбалаву прысуджана вучоная ступень доктара сельскагаспадарчых навук па выніках абароны дысертацыі на тэму «Мінералізацыя і трансфармацыя арганічнага рэчыва меліяраваных тарфяных глеб пры іх сельскагаспадарчым выкарыстанні».

У 1989 г. М.М. Бамбалаў быў абраны членам-карэспандэнтам, у 1994 г. – акадэмікам НАН Беларусі, у 2013 г. яму нададзена званне прафесара.

Сярод навуковых дасягненняў акадэміка М.М. Бамбалава неабходна адзначыць у першую чаргу распрацоўку тэорыі раскладання і гуміфікацыі арганічнага рэчыва ў балотным асяроддзі рознага генезісу. У аснову дадзенай тэорыі пакладзены вызначаныя ім агульныя заканамернасці мінералізацыі і трансфармацыі арганічнага рэчыва глеб, выяўленыя ўзаемасувязі паміж экалагічнымі ўмовамі глебаўтварэння, хімічным складам, малекулярнай структурай арганічных злучэнняў і тэмпамі іх мінералізацыі.

На аснове аналізу генезісу тарфяных глеб і біясферных функцый балот Мікалай Мікалаевіч выдзеліў эколага-генетычныя групы тарфяных глеб і распрацаваў дыферэнцыраваныя метады іх выкарыстання і аховы. Гэта дазваляе забяспечваць захаванне арганічнага рэчыва ў глебах і папярэджваць забруджванне паветранага басейна, паверхневых і падземных вод прадуктамі разбурэння глеб.

Ім устаноўлены асаблівасці біягеахімічных цыклаў вугляроду і азоту ў глебах і балотах і даказана, што балоты выконваюць функцыю пераходнага звяна паміж біягенным і геалагічным кругазваротамі гэтых элементаў.

М.М. Бамбалавым распрацаваны навуковыя асновы новай галіны навукі і гаспадаркі – балотаводства. Ён з’яўляецца заснавальнікам і лідарам навуковай школы «Біягеахімія балот і тарфяных радовішчаў», якая займае перадавыя пазіцыі ў вывучэнні балотных экасістэм.

Міжнародная дзейнасць М.М. Бамбалава была звязана перш за ўсё з работай у IV Камісіі Міжнароднага Тарфянога Таварыства «Фізічныя, хімічныя і біялагічныя ўласцівасці торфу», якую ён узначальваў на працягу двух тэрмінаў запар у 2000 – 2008 гг.

Акадэмікам М.М. Бамбалавым апублікавана больш за 550 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, 9 брашур, атрымана 25 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходніцтвы, падрыхтавана 12 кандыдатаў навук.