Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.07.2020

У НАН Беларусі распрацавалі тэхналогію вытворчасці эфектыўных шырокапалосных святлодыёдаў

Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі (ЦСОТ НАН Беларусі) паспяхова завяршыў цыкл работ і распрацаваў тэхналогію вытворчасці эфектыўных шырокапалосных святлодыёдаў на аснове «сіняга» святлодыёда.

Тэхналогія дазваляе атрымліваць эфектыўныя шырокапалосныя жоўтыя, зялёныя і чырвоныя святлодыёды (СВД) за кошт люмінафорнага пераўтварэння выпраменьвання сіняга святлодыёда. У аснове тэхналогіі ляжаць уласныя ноў-хаў у галіне люмінафораў.

Тэхналогія адрозніваецца навізной, прастатой, нізкім сабекоштам, высокай эфектыўнасцю і добрай узнаўляльнасцю параметраў. Камбінацыя шырокапалосных каляровых СВД дазваляе атрымліваць белае святло з гладкім, без рэзкіх пікаў спектрам і індэксам колераперадачы больш за 95, што практычна немагчыма пры выкарыстанні традыцыйных манахромных святлодыёдаў. Тэхналогія дазваляе атрымліваць святлодыёдныя модулі з зададзеным спектральным размеркаваннем у бачнай частцы спектра, у тым ліку з выпраменьваннем, блізкім да сонечнага спектра (так званыя Sunlike святлодыёды). Распрацаваная тэхналогія ўжо паспяхова прымяняецца Дзяржаўным прадпрыемствам «Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі» пры вытворчасці цяплічных апрамяняльнікаў як прамысловага, так і хатняга выкарыстання, а таксама пры рашэнні другіх задач.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі» – вядучая арганізацыя ў Беларусі ў галіне даследаванняў і распрацовак, вытворчасці і выпрабаванняў святлодыёдных прыбораў рознага прызначэння. За апошнія гады паспяхова распрацаваны і запушчаны ў вытворчасць святлодыёдныя вулічныя свяцільні, святлодыёдныя цяплічныя апрамяняльнікі, прамысловыя святлодыёдныя свяцільні і інш. Акрэдытаваная святлотэхнічная выпрабавальная лабараторыя Дзяржаўнага прадпрыемства «Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі» аснашчана сучасным высокадакладным абсталяваннем і з’яўляецца адной з лепшых на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза. Святлодыёдная прадукцыя і паслугі экспартуюцца ў Расію, Казахстан, Італію, Паўночную Македонію, Сербію, Арменію, Азербайджан, Украіну і другія краіны.