Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.10.2020

Інавацыйныя распрацоўкі Акадэміі навук на Міжнароднай прамысловай анлайн-выставе TeMEx

14 кастрычніка 2020 года стартуе прамысловая анлайн-выстава TeMEx. Свае навінкі тэхналагічных рашэнняў і прадукцыі пакажуць падведамасныя арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

- Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «НВЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прадставіць трэнажор падрыхтоўкі аператараў беспілотных авіяцыйных комплексаў. Трэнажор уяўляе сабой апаратна-праграмны комплекс з інтэграванымі ў авіяцыйны сімулятар X-plane 3D-мадэлямі БЛА, спецыяльным праграмным забеспячэннем пілатажна-навігацыйнага комплексу, аўтаматызаванымі рабочымі месцамі аператара БЛА і інструктара. Трэнажор і ПЗ распрацаваны па модульным прынцыпе, што забяспечвае магчымасць выкарыстання навінкі для падрыхтоўкі аператараў розных БЛА, а таксама змянення неабходнай колькасці рабочых месцаў для тых, хто навучаецца;
- Аб’яднаны інстытут машынабудавання прапануе наведвальнікам пазнаёміцца з навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі аўтамабіляў, колавых цягачоў і аўтапаяздоў, у тым ліку з электрычнымі і гібрыднымі сілавымі ўстаноўкамі; аўтобусаў, у тым ліку сучлененых шматсекцыйных з супернізкай падлогай; трактарнай, камбайнавай, лесанарыхтоўчай, дарожна-будаўнічай, камунальнай тэхнікі; кар’ерных самазвалаў грузапад’ёмнасцю да 500 тон; інтэлектуальных электронных сістэм кіравання; кампазіцыйных матэрыялаў, змазак, пакрыццяў; тэхналогій і абсталявання інжынерыі паверхні;
- ААТ «НВА Цэнтр» прадэманструе на выставе тэхналогіі для атрымання кубападобнага друзу. Дадзеная тэхналогія дазваляе атрымліваць друз пераважна кубападобнай формы, павысіць трываласць друзу на 10-15%, знізіць расход друзу на 15-20% і сувязных матэрыялаў (бітум, цэмент) да 30%, у некалькі разоў павялічыць тэрмін службы дарожнага пакрыцця;
- Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі прапануе азнаёміцца з тэхналогіяй сінтэзу малочнай кіслаты для атрымання біяразлагальных палімерных матэрыялаў. Тэхналогія атрымання біяразлагальнага палімера – полілактыду – заснавана на ферментацыі цукразмяшчальнай сыравіны з атрыманнем стэрэаізамераў малочнай кіслаты. Адна з прыярытэтных задач біятэхналогіі – стварэнне біяразлагальных матэрыялаў для рашэння глабальнай праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя;
- Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі асветліць асаблівасці распрацаванага ў Інстытуце рэгулятара росту раслін «МАКРОФИТУМ, ВС». Дадзены рэгулятар прызначаны для стымуляцыі росту і развіцця кветкавых культур, павелічэння колькасці бутонаў і кветак на расліне, узмацнення яркасці і свежасці афарбоўкі хатніх кветак, павышэння дэкаратыўнасці квітнеючых клумбаў і газонаў, паскарэння зацвітання і павелічэння працягласці цвіцення;
- РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні» і даччыныя прадпрыемствы прадставяць новыя распрацоўкі ў галіне прадуктаў харчавання. Асаблівую ўвагу прыцягваюць новыя віды макаронных вырабаў з паніжанай колькасцю бялку і феніланіну. Дадзеныя віды прадукцыі дазволяць наладзіць выпуск айчынных спецыялізаваных прадуктаў харчавання для дзяцей, якія пакутуюць на фенілкетанурыю.

Міжнародная прамысловая анлайн-выстава TeMEx праводзіцца пад эгідай Беларускай гандлёва-прамысловай палаты пры падтрымцы Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, галіновых ведамстваў і дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой. Падтрымку выставе таксама аказваюць міністэрствы прамысловасці, навуковыя арганізацыі, гандлёва-прамысловыя палаты, бізнес-саюзы шэрагу краін.

У рамках выставы 14 кастрычніка праходзіць прамысловы анлайн-форум «Шляхі развіцця прамысловасці ў XXI стагоддзі» з удзелам экспертаў з сямі краін.

Праграма дзелавых мерапрыемстваў у рамках прамысловай анлайн-выставыTeMEx
Тэгi
#выставы