Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.05.2022

ХІІ Міжнародны навукова-практычны семінар для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў спецыяльнасці «Лясная гаспадарка» («Лясная справа»)

16 – 20 мая 2022 года дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» пры ўдзеле дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк “Нарачанскі”» праводзіць ХІІ Міжнародны навукова-практычны семінар «Дынаміка, стан і маніторынг лясных экасістэм на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў спецыяльнасці «Лясная гаспадарка» («Лясная справа»), прысвечаны Дню біялагічнай разнастайнасці (22 мая).

Мэта правядзення – умацаванне навуковых сувязей, развіццё і пашырэнне адносін паміж вучонымі, моладдзю і работнікамі спецыяльнасці «Лясная гаспадарка» («Лясная справа») акадэмій навук і вядучых ВНУ Беларусі і краін сумежных тэрыторый шляхам навуковага супрацоўніцтва, абмену вопытам, распрацоўкі сумесных праектаў і садзейнічання экалагічнай адукацыі па названай спецыяльнасці.

Падчас правядзення семінара будуць арганізаваныя навукова-практычныя заняткі на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі», на якіх удзельнікі будуць знаёміцца з лесагаспадарчай і прыродаахоўнай дзейнасцю, селекцыйна-генетычнымі аб’ектамі парку, наведаюць пункты назіранняў воднай і лясной расліннасці, маніторынгу ахоўных відаў раслін, асобных катэгорый рэдкіх біятыпаў і/або прымеркаваных да ўнікальных прыродных комплексаў гэтай ААПТ. Не семінары плануецца правесці круглы стол, на якім абмяркуюць наступствы пабудовы памежнай агароджы на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», разгледзяць прапановы і сумесныя праекты ў розныя фонды, дзяржаўныя праграмы (у тым ліку саюзныя), а таксама перспектывы і вынікі рэалізацыі сумесных грантаў.

Вынікам работы семінара стане кансалідацыя намаганняў, вопыту і ведаў вучоных, выкладчыкаў і практыкаў у пытаннях ацэнкі эфектыўнасці абмежаванняў і забарон, устаноўленых у дачыненні да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і асобных аб’ектаў расліннага свету.

Для ўдзелу ў рабоце семінара зарэгістраваліся 45 чалавек з 10 навукова-даследчых устаноў, ВНУ Беларусі і Расіі.

Месца правядзення: НП «Нарачанскі» (курортны пасёлак Нарач, Мядзельскі раён, Мінская вобласць, Рэспубліка Беларусь). Каардынаты GPS месцазнаходжання НП «Нарачанскі»: 54°54'29,9" п.ш., 26°42'27,1" у.д.