Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.09.2022

Інстытут гісторыі да юбілею сталіцы праводзіць форум “Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі (да 955-годдзя горада)”

9–10 верасня 2022 г. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі і Інстытут гісторыі НАН Беларусі праводзяць Міжнародную навуковую канферэнцыю “Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі (да 955-годдзя горада)”.

Адкрыццё і пленарнае пасяджэнне канферэнцыі адбудзецца 9 верасня з 10.00 да 12.00 у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі (г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1).

Работа секцый працягнецца 9 верасня ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі (вул. Акадэмічная, 1) і Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15).

Уваход на канферэнцыю вольны.

Канферэнцыя стане важнай падзеяй у рамках святкавання 955-гадовага юбілея Мінска. У працы канферэнцыі запланаваны ўдзел вядомых спецыялістаў у галіне гісторыі Мінска: гісторыкаў, археолагаў, этнографаў, лінгвістаў, мастацвазнаўцаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў з Беларусі і Расіі.

На канферэнцыі будуць прадстаўлены і абмеркаваны вынікі найноўшых даследаванняў па рэгіянальнай гісторыі і гістарычнай урбаністыцы, вызначаны перспектывы далейшых даследаванняў.

Праблемнае поле канферэнцыі:

  • матэрыяльная культура і эканоміка;
  • Мінск у віхурах войн і рэвалюцый;
  • сацыяльна-палітычнае жыццё Мінска;
  • крыніцы па гісторыі горада;
  • фарміраванне гарадской прасторы;
  • турыстычны патэнцыял сталіцы Беларусі;
  • гісторыя горада праз лёсы жыхароў.

Правядзенне канферэнцыі сфарміруе неабходны навукова-тэарэтычны падмурак, на якім будуць грунтавацца веды па гісторыі горада, звесткі пра знакамітых гаражан, дазволіць стварыць базу для папулярызацыі і практычнага выкарыстання дасягненняў гістарычнай навукі, зробіць даступнымі для грамадства найноўшыя веды па гісторыі роднага краю, будзе садзейнічаць іх укараненню ў навучальны працэс, развіццю рэгіянальнага і міжнароднага турызму.