Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.09.2022

У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі адбудзецца Фестываль навукі – 2022

10 верасня 2022 года (субота) у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі з 11.00 да 18.00 адбудзецца Фестываль навукі – 2022.

Урачыстае адкрыццё – 12.00

Фестываль навукі – самае буйное навукова-папулярнае мерапрыемства Беларусі. У гэтым годзе фестываль вырас, ён змяніўся знешне і па змесце, нам ёсць чым здзівіць наведвальнікаў усіх узростаў.

НАН Беларусі ўпершыню прадставіць выставу «100 інавацый маладых вучоных» з маладзёжнымі праектамі ў такіх галінах, як біялогія і біятэхналогіі, фізіка, хімія, медыцына, аграрныя і гуманітарныя навукі.

Традыцыйным госцем нашага фестывалю стане Усерасійскі фестываль Навука 0+, які прадставіць пляцоўку, прысвечаную году навукі і тэхналогій у РФ.

Сумесна з ініцыятывай «Мэта 99» Фестываль навукі запусціў конкурс творчых работ з другаснай сыравіны «Фігура чалавека». Фінальным этапам конкурсу стане выстава работ і ўзнагароджанне пераможцаў на пляцоўцы Фестывалю навукі.

Арганізатары падрыхтавалі тры вялікія тэматычныя пляцоўкі: «Чалавек», «Прырода», «Тэхналогіі», кожная з якіх уключае лекцыі, майстар-класы і дэманстрацыі.

На пляцоўцы «Чалавек» можна будзе разабрацца ў тым, што такое чалавек, як ён працуе з пункту гледжання біялогіі і гуманітарных навук, як пры дапамозе медыцыны прадоўжыць і палепшыць яго жыццё. На абмінём увагай і вострыя праблемы COVID і распрацоўкі вакцын.

Пра ўсё, што нас акаляе (ад мікраарганізмаў на руках да далёкага космасу), пра тое, як розныя навукі вывучаюць прыроду і як чалавек уплывае на планету, можна будзе даведацца на пляцоўцы «Прырода». Госці змогуць самі папрацаваць з мікраскопам, зразумець «пах мікрабіялогіі», убачыць, як выглядаюць самыя распаўсюджаныя бактэрыі, якія жывуць на грашах, працоўным стале і ў санвузле.

На пляцоўцы «Тэхналогіі» наведвальнікі даведаюцца пра ІТ і іншыя тэхналогіі, якія змяняюць свет, паслухаюць захапляльныя лекцыі пра робатаў, змогуць паганяць на электраскутарах розных мадэляў і выпрабаваць сябе на трэнажоры для навучання аператараў беспілотных лятальных апаратаў.

На пляцоўцы «Універсітэт будучыні» прадстаўнікі Міністэрства адукацыі раскажуць наведвальнікам мерапрыемства аб дасягненнях навукі і новых спецыяльнасцях у вядучых ВНУ краіны.

Анлайн-гіпермаркет «21vek.by» прадставіць пляцоўку, прысвечаную космасу, з тэматычнымі актыўнасцямі і фотазонай.

Прама на пляцоўцы Фестывалю навукі пройдуць спаборніцтвы па адукацыйнай робататэхніцы. Удзельнікі будуць ствараць робатаў, якія пераадольваюць перашкоды, змагаюцца адзін з адным на рынгу, выконваюць ролю садоўніка або выратавальніка.

Неверагодна насычаная праграма чакае гасцей на сумеснай пляцоўцы Фестывалю навукі і Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі пры падтрымцы АБЭ Расатам. На пляцоўцы «Atom team» будуць праводзіцца маштабныя эксперыменты, якія немагчыма паўтарыць дома, пройдзе турнір па інжынерных гульнях «Эвалюцыя мозга» і навукова-папулярныя лекцыі ад вядомых папулярызатараў навукі.

БЯСПЛАТНЫ білет на Фестываль навукі можна атрымаць на сайце мерапрыемства, там жа можна азнаёміцца з поўнай праграмай.

Сайт фестывалю: www.scifest.by

*Упершыню Фестываль навукі быў праведзены ў 2018 годзе. Арганізатар – Савет маладых вучоных НАН Беларусі. Больш за 7000 чалавек наведалі першы фестываль, больш за 10000 – другі. На думку арганізатараў, Фестываль дае магчымасць ужо сёння пазнаёміцца з той будучыняй, якая ствараецца вучонымі ў іх лабараторыях.