Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.09.2022

У Інстытуце гісторыі абмеркавалі пытанні гісторыі сялянства ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі

6 – 7 верасня 2022 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сялянства ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі (1569 – 1917 гг.)». Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Інстытут расійскай гісторыі Расійскай акадэміі навук, фонд «Гістарычная памяць».

Вялікі інтарэс выклікалі агучаныя на пленарным пасяджэнні даклады, якія былі нацэлены на асэнсаванне канцэптуальных і метадалагічных падыходаў да даследавання сялянскага пытання ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Прадстаўнікі навуковых колаў Беларусі і Расіі прадставілі сваё бачанне пытанняў рэформаў у галіне сельскай гаспадаркі Беларусі ў XVI – XVIII стст., уплыву ідэй фізіякратаў на ажыццяўленне гэтых рэформаў; вызначылі месца сялянства Рэчы Паспалітай у міфалогіі і ідэалогіі польскага «сарматызму»; выдзелілі актуальныя праблемы вывучэння сялянства Беларусі другой паловы XVIII ст.; паказалі гістарыяграфічны вобраз і крыніцазнаўчыя рэаліі вывучэння Крычаўскага паўстання 1743–1744 гг. На пленарным пасяджэнні прагучалі канцэптуальныя палажэнні аб асаблівасцях і наступствах адмены прыгоннага права ў Беларусі і ролі сялянскага фактару ў гісторыі Расійскай імперыі.

У ходзе далейшай работы канферэнцыі ўсебаковае і плённае абмеркаванне вялося ў рамках наступных тэматычных напрамкаў: «Сяляне, памешчыкі і імперская ўлада ў першай палове XIX ст.», «Рэформы і паўстанне: сялянскае пытанне ў эпоху Аляксандра ІІ», «Ценявы бок сялянскай паўсядзённасці (другая палова XIX – пачатак ХХ стагоддзя)», «Ад масавай адукацыі да масавай палітыкі: сялянства на парозе новага свету».

Падчас канферэнцыі прайшлі прэзентацыі найноўшых выданняў, якія адлюстроўваюць некаторыя важныя аспекты гісторыі сялянства. Дакументальнае выданне «Журналы камітэта заходніх губерній» (Санкт-Пецярбург, 2017–2021) прадставілі яго ўкладальнікі, супрацоўнікі Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва Д. М. Шылаў, Б. М. Мілавідаў. Таксама адбылася прэзентацыя кнігі дырэктара фонду «Гістарычная памяць» А. Р. Дзюкава «Письма из-под виселицы Константина Калиновского, подложные и настоящие» (Масква, 2022).

У ходзе навуковага форуму адбыўся абмен меркаваннямі па шэрагу актуальных пытанняў у галіне гісторыі сялянства. Прадстаўленыя даклады плануецца апублікаваць у зборніку матэрыялаў канферэнцыі.