Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.09.2022

Інстытут парашковай металургіі адзначае юбілей

13 верасня 2022 г. у 15.00 у Інстытуце парашковай металургіі імя А. У. Романа адбудзецца ўрачыстае пасяджэнне Вучонага савета інстытута, прысвечанае 50-годдзю заснавання ўстановы. У мерапрыемстве прымуць удзел кіраўнікі НАН Беларусі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вядомыя вучоныя краіны.

На базе Праблемнай лабараторыі парашковай металургіі БПІ Пастановай Савета Міністраў БССР № 272 ад 7 верасня 1972 года быў створаны Навукова-даследчы інстытут парашковай металургіі – НДІ ПМ.

Сёння Інстытут – вядучы ў Рэспубліцы Беларусь міжгаліновы навукова-вытворчы цэнтр, які дзейнічае ў ключавых для прамысловага комплексу краіны сферах, звязаных са стварэннем новых матэрыялаў і вырабаў з унікальнымі (зададзенымі) эксплуатацыйнымі ўласцівасцямі парашковай металургіі, імпульснай (выбуховай) апрацоўкай, нанясеннем ахоўных і функцыянальных пакрыццяў, спецыяльнымі метадамі зваркі, рэзкі, пайкі і наплаўкі.

Асноўнай канцэптуальнай задачай Інстытута з’яўляецца эфектыўнае развіццё прыкладных даследаванняў на базе фундаментальнай навукі з максімальным выхадам у прамысловую вытворчасць. Інстытут супрацоўнічае з буйнейшымі прамысловымі прадпрыемствамі краіны: МТЗ, МАЗ, БелАЗ, Амкадор, МЗКЦ, БААЗ, БМЗ, ММЗ, Беларуськалій, Інтэграл, Хімвалакно, Атлант, Керамін, Магілёўтрансмаш і інш.

Міжнароднае супрацоўніцтва Інстытута эфектыўна развіваецца ў рамках прамых кантактаў з краінамі СНД і далёкага замежжа, а таксама ў рамках навукова-тэхнічных пагадненняў з 19 замежнымі навуковымі цэнтрамі.

Тэгi
#юбілеі