Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.09.2022

Фестываль навукі – 2022 наведалі 18 тысяч чалавек

10 верасня 2022 года ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі адбыўся Фестываль навукі – 2022. У гэтым годзе яго наведалі 18 тысяч чалавек.

Фестываль навукі – гэта самае буйное навукова-папулярнае мерапрыемства ў Беларусі. У гэтым годзе фестываль вырас, змяніўся знешне і па змесце.

Падчас урачыстага адкрыцця Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў: «Галоўная мэта фестывалю – папулярызацыя навукі. Мы хочам, каб людзі больш грунтоўна маглі пазнаёміцца з магчымасцямі навукі». Па яго словах, галоўным адрозненнем мерапрыемства ў гэтым годзе стала выстава «100 інавацый маладых вучоных». «Тут наша моладзь паказвае свае поспехі, дасягненні, вынікі і навінкі. Усе хочуць, каб іменна на іх распрацоўку звярнулі ўвагу. Мы стварылі камісію, якая вывучыць усе распрацоўкі і выбера 10 лепшых для ўзнагароджання. Спадзяюся, гэта новаўвядзенне прыжывецца і стане пастаяннай традыцыяй. Бо інавацыя – гэта ўжо рэалізаваны прадукт, а не проста ідэя. Гэта больш важная і істотная тэма для навукі»,  падкрэсліў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.

Арганізатары падрыхтавалі тры вялікія тэматычныя пляцоўкі: «Чалавек», «Прырода», «Тэхналогіі». Кожная з іх уключала лекцыі, майстар-класы і дэманстрацыі. На пляцоўцы «Універсітэт будучыні» Міністэрства адукацыі расказвала наведвальнікам мерапрыемства пра дасягненні навукі і новыя спецыяльнасці ў вядучых ВНУ краіны. Традыцыйным госцем фестывалю стаў Усерасійскі фестываль Навука 0+, які прадставіў пляцоўку, прысвечаную году навукі і тэхналогій у РФ.

Напярэдадні мерапрыемства сумесна з ініцыятывай «Мэта 99» Фестываль навукі запусціў конкурс творчых работ з другаснай сыравіны «Фігура чалавека». Фінальным этапам конкурсу стала выстава работ і ўзнагароджанне пераможцаў. Адбыліся спаборніцтвы па адукацыйнай робататэхніцы. Неверагодна насычаная праграма была на сумеснай пляцоўцы Фестывалю навукі і Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі пры падтрымцы АСЭ Расатам.