Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.12.2022

Новая лабараторыя па распрацоўцы і вытворчасці электронных кампанентаў для мікраэлектронікі адкрылася ў НДІ радыёматэрыялаў

23 снежня 2022 года на базе ААТ «МІНСКІ НДІ РАДЫЁМАТЭРЫЯЛАЎ» НАН Беларусі адбылося адкрыццё галіновай лабараторыі распрацоўкі крытычных тэхналогій вытворчасці мікраэлектрамеханічных сістэм (МЭМС) і звышвысокачастотных (ЗВЧ) электронных кампанентаў. Гэта новае суперсучаснае прадпрыемства, нацэленае на развіццё мікраэлектронікі і імпартазамяшчэнне. Для нашай краіны яно з’яўляецца ўнікальным. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва НАН Беларусі, Мінгарвыканкама, дырэктары арганізацый НАН Беларусі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў.

Як адзначыў падчас адкрыцця новай лабараторыі першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, аб’ёмаў вытворчасці мікраэлектрамеханічных сістэм будзе дастаткова для ўнутранага рынку Беларусі. «Беларусь выходзіць на самы высокі тэхналагічны ўзровень вытворчасці. У новай лабараторыі будуць вырабляць мікраэлектрамеханічныя сістэмы (МЭМС). Гэта вельмі маленькія, але важныя вырабы. Яны выкарыстоўваюцца для вытворчасці сэнсараў, датчыкаў і іншых “разумных” рэчаў з адчувальнымі элементамі», — адзначыў Сяргей Чыжык.

Увод у эксплуатацыю лабараторыі быў прымеркаваны да 40-гадовага юбілею ААТ “Мінскі НДІ радыёматэрыялаў”.