Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.12.2022

Напярэдадні Новага года святочныя мерапрыемствы для дзяцей праходзяць ва ўсіх калектывах арганізацый НАН Беларусі

26 снежня кіраўнікі НАН Беларусі таксама далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі, старшыня Аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі Іван Бараноўскі, старшыня прафсаюзнага камітэта апарату НАН Беларусі, намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Уладзімір Левашкевіч, старшыня Савета маладых навукоўцаў НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі наведалі выхаванцаў падшэфнай арганізацыі «SOS-Дзіцячая вёска Бараўляны». Яны павіншавалі дзяцей з Новым годам і ўручылі ім салодкія навагоднія падарункі. Іван Бараноўскі ад імя прафсаюза Акадэміі навук перадаў сертыфікат на 600 рублёў. Госці не толькі павіншавалі дзяцей з надыходзячымі навагоднімі святамі, але і расказалі пра тое, чым займаюцца навукоўцы, запрасілі ўдзельнічаць у акадэмічных мерапрыемствах, у прыватнасці, у «Фестывалі навукі».

Штогод падчас навагодняй рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” кіраўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржкіравання, мясцовых уладаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам, Калядамі і ўручаюць падарункі, аказваюць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем. Цяперашняя акцыя будзе доўжыцца да 15 студзеня.