Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.04.2023

Адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Руская мова ў сучаснай білінгвальнай прасторы»

27 красавіка 2023 г. у НАН Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Руская мова ў сучаснай білінгвальнай прасторы». Форум прымеркаваны да Года рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін, якім аб’яўлены 2023 год у краінах СНД.

З прывітальным словам выступілі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лакотка, дырэктар Інстытута мовазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў, намеснік Генеральнага сакратара СНД Даўрэн Абаеў і іншыя высокія госці.

Руская мова — самастойная славянская мова ўсходнеславянскай падгрупы. Гэта адна з высокаразвітых сусветных літаратурных моў, якая выконвае функцыі ўнутрынацыянальных, міжнацыянальных і міжнародных зносін. Будучы дзяржаўнай мовай Расійскай Федэрацыі, яна з’яўляецца адной з дзвюх дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.

На форуме ўдзельнікі абмеркавалі асаблівасці функцыянавання рускай мовы ва ўмовах білінгвізму, яе ролю і месца ў двухмоўным соцыуме. Даследчыкі прааналізавалі месца і ролю рускай мовы ў адукацыйным працэсе Рэспублікі Беларусь. Былі разгледжаны пытанні ўзаемасувязяў блізкароднасных рускай і беларускай моў на сучасным этапе іх функцыянавання. Навукоўцы вызначылі найбольш вострыя праблемы дзяржаўнага двухмоўя ў нашай краіне і намецілі перспектывы далейшага вывучэння дзвюх канстытуцыйна замацаваных дзяржаўных моў.

У рамках канферэнцыі была арганізавана выстаўка работ, падрыхтаваных супрацоўнікамі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязяў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа за гады яго існавання. Гэта — аўтарскія і калектыўныя манаграфіі, слоўнікі, даведнікі, зборнікі навуковых артыкулаў, аб’ектам рознааспектнага даследавання якіх з’яўляюцца руская і беларуская мовы.

У канферэнцыі прынялі ўдзел даследчыкі з Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана і іншых краін СНД.