Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.05.2023

Кіраўнікі НАН Беларусі ўсклалі кветкі да Абеліска на 9-м км Маскоўскай шашы ва Уруччы

5 мая 2023 года кіраўніцтва НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі акадэмікам Уладзімірам Гусаковым усклала кветкі да Абеліска загінулым ваеннапалонным і цывільным асобам на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы ва Уруччы.

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснікі Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмікі-сакратары Аддзяленняў навук НАН Беларусі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, Савета маладых вучоных НАН Беларусі.

Помнік узведзены ў памяць 30 тысяч савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных грамадзян, расстраляных і закатаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1943 гг. На мемарыяльнай пліце выбітыя імёны некалькіх дзясяткаў воінаў, якія загінулі ў раёне Уручча. Навукоўцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі прымалі непасрэдны ўдзел у працы па ўстанаўленні звестак аб масавых пахаваннях і загінулых героях.

«Акадэмія навук выконвае велізарную працу па ўстанаўленні праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. На жаль, сёння ідзе фальсіфікацыя вынікаў вайны, калі называюцца іншыя пераможцы, замоўчваецца колькасць ахвяр, каты прадстаўляюцца героямі і г. д. Разам з Генеральнай пракуратурай мы праводзім сумесныя даследаванні па ўдакладненні колькасці спаленых вёсак, па генацыдзе беларускага народа, колькі людзей знішчана. Адкрываюцца ўсё новыя і новыя пахаванні, новыя факты злачынстваў фашызму супраць чалавечнасці. Назапашаны велізарны матэрыял. Мы выдаём кнігі, альбомы для шырокага кола чытачоў», — адзначыў Уладзімір Гусакоў.

Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, расказаў пра палітыку генацыду беларускага народа, якую праводзілі германскія ўлады на тэрыторыі нашай краіны.

У гэтыя майскія дні супрацоўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі наведваюць месцы воінскай славы і ўскладаюць кветкі да мемарыяльных комплексаў, абеліскаў, помнікаў, брацкіх магіл і магіл невядомых салдат.
У Год міру і стваральнай працы Нацыянальная акадэмія навук Беларусі працягне весці актыўную работу па вывучэнні пытанняў Вялікай Айчыннай вайны, увекавечанні памяці канкрэтных герояў вайны: франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, работнікаў тылу.