Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.05.2023

Інстытуты НАН Беларусі на выстаўцы «Дыялог з космасам» прадставілі навуковыя распрацоўкі 1960-1980-х гадоў

11 мая 2023 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў рамках расійска-беларускага музейнага форуму адбылося адкрыццё выстаўкі «Дыялог з космасам», арганізаванай дзяржаўнай установай «Музей гісторыі горада Мінска» сумесна з ФДБУК «Аб’яднаны мемарыяльны музей-запаведнік Ю. А. Гагарына», ФДБУК г. Масквы «Мемарыяльны музей касманаўтыкі», ФДБУН «Архіў РАН» з удзелам Агенцтва па касмічных даследаваннях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Першая частка выстаўкі «Дыялог з космасам», прысвечаная Сусветнаму дню авіяцыі і касманаўтыкі, адкрылася ў г. Мінску ў канцы сакавіка 2023 года напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Да расійска-беларускага музейнага форуму выстаўка пашырана і дапоўнена ўнікальнымі экспанатамі, прадстаўленымі, у тым ліку, і НАН Беларусі.

Свае месцы ў экспазіцыі занялі навуковыя распрацоўкі 1960-1980-х гадоў ДНУ «Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі».

Прадстаўлены спектрометр «Бархан» і авіякасмічная спектраметрычная мікрапрацэсарная сістэма «СКІФ», распрацаваныя ў Інстытуце фізікі АН БССР, прататыпы якіх эксплуатаваліся на арбітальнай станцыі «Салют-7». У 1986 годзе сістэма «СКІФ» была знята з «Салют-7» і дастаўлена на арбітальны комплекс «Мір».

Інстытутам цепла- і масаабмену прадстаўлены ўзоры цеплаахоўных матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся ў праектах «Буран», «Прагрэс», «Фобас-Грунт», «Экзамарс», а таксама плазматрон (у разрэзе) — асноўны элемент устаноўкі для выпрабаванняў матэрыялаў на ўстойлівасць да ўздзеяння высокаэнергетычных патокаў.

Выстаўка «Дыялог з космасам» працуе да 25 чэрвеня 2023 года па адрасе г. Мінск, пл. Свабоды, 15.

Тэгi
#выставы