Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.05.2023

На MILEX-023 НАН Беларусі прадстаўляе каля 80 распрацовак і тэхналогій

На ХІ Міжнароднай выстаўцы ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2023 прадстаўляюць каля 80 распрацовак і тэхналогій. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняў удзел першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык.

На стэндзе НАН Беларусі 10 навуковых арганізацый НАН Беларусі прадстаўляюць свае найлепшыя распрацоўкі. Так, Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў» НАН Беларусі дэманструе цэлую лінейку беспілотных лятальных апаратаў. Сярод іх — беспілотны лятальны апарат «Бусел МКР» у натуральную велічыню. Прызначэнне: відэаманіторынг мясцовасці і аб’ектаў, суправаджэнне рухомых аб’ектаў з борта беспілотнага лятальнага апарата (БЛА) і перадача па радыёканале атрыманай відэаінфармацыі на наземны пункт кіравання і іншым аддаленым спажыўцам у рэжыме рэальнага часу. Наведвальнікі выстаўкі могуць азнаёміцца і з трэнажорам для падрыхтоўкі аператараў БЛА. Трэнажор прымяняецца пры паглыбленым навучанні аператараў БЛА прынцыпам прымянення беспілотнага авіяцыйнага комплексу (БАК), а таксама для кантролю якасці падрыхтоўкі аператараў БЛА без выкарыстання штатных сродкаў комплексу.

Доследна-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Ферыт» — УП «Ферыт» НАН Беларусі прадстаўляе панэль ферытавую радыёпаглынальную ПФ-500-2. Гэтая распрацоўка адносіцца да ўнікальнай тэхналогіі абароны на аснове навуковых распрацовак НАН Беларусі. Створаны радыёпаглынальны матэрыял і панэлі на яго аснове асаблівай канструкцыі забяспечваюць эфектыўнае паглынанне электра-магнітных хваль у шырокім спектры (10–250 мГц), а таксама забяспечвае пашыраныя магчымасці для мантажу і ўладкавання адпаведных памяшканняў. Прадукт з’яўляецца імпартазамяшчальным і робіцца цалкам з сыравіны беларускай вытворчасці на вытворчых магутнасцях УП «Ферыт». Распрацоўка з’яўляецца ўнікальнай для Рэспублікі Беларусь і не мае аналагаў па сваіх уласцівасцях і цанавых характарыстыках.

ДНУ «Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі» паказвае цвёрдацельныя эрбіевыя лазеры з дыёднай напампоўкай, якія выпраменьваюць ва ўмоўна бяспечным для вачэй спектральным дыяпазоне. Распрацоўка прызначана для выкарыстання ў сучасных далёкаметрычных комплексах і сістэмах цэлеўказання, што эксплуатуюцца ў шырокім дыяпазоне тэмператур і падвяргаюцца ўдарным і вібрацыйным нагрузкам.

ХІ Міжнародная выстаўка ўзбраення і ваеннай тэхнікі «MILEX-2023» праходзіць у Мінску з 17 па 20 мая. Галоўныя мэты выстаўкі — шырокае прадстаўленне прадукцыі беларускай абароннай прамысловасці, азнаямленне з новымі распрацоўкамі ў галіне высокіх тэхналогій, дэманстрацыя магчымасцей прадпрыемстваў, якія займаюцца мадэрнізацыяй, рамонтам баявой тэхнікі і аказваюць паслугі Узброеным Сілам.

Тэгi
#выставы