Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.05.2023

НАН Беларусі праводзіць традыцыйны Тыдзень роднай прыроды — 2023

З 22 па 26 мая 2023 года навуковыя арганізацыі Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі праводзяць Тыдзень роднай прыроды. Па традыцыі мерапрыемства прымеркавана да святкавання Міжнароднага дня біялагічнай разнастайнасці (22 мая)*. ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах», ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі», ДНУ «Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі» і ДНУ «Інстытут лесу» падрыхтавалі цэлы шэраг мерапрыемстваў.

Напярэдадні Тыдня роднай прыроды, 15-21 мая, адбудуцца: VIII Міжнародны навукова-практычны семінар «Сучасныя тэхналогіі ў дзейнасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый: геаінфармацыйныя сістэмы, дыстанцыйнае зандаванне зямлі» (ГІС–Нарач–2023, Нацыянальны парк «Нарачанскі»), вучнёўская навуковая канферэнцыя і абласны этап юніёрскага конкурсу «Квітней, мой лес» (Інстытут лесу НАН Беларусі, г. Гомель), а таксама асветніцкае мерапрыемства «Сусветны дзень пчол» (ДНУ «Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі»).

22 мая 2023 года адбудзецца семінар-адкрыццё Тыдня роднай прыроды, прымеркаваны да Міжнароднага дня біялагічнай разнастайнасці, на якім выступяць вядучыя вучоныя Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі, прадстаўнікі навуковых арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў. У гэты ж дзень пройдзе прэзентацыя манаграфіі навукоўцаў ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі» «Наземныя і дыстанцыйныя метады ацэнкі стану экасістэм асабліва ахоўных прыродных тэрыторый».
24 і 25 мая 2023 года адбудуцца лекцыя «Аналіз складу і структуры раслінных супольнасцей — праблема глыбейшая, чым канстатацыя набору відаў» і «Запаведны свет і Чырвоная кніга Беларусі».
22–26 мая 2023 года Інстытут лесу НАН Беларусі арганізуе інфармацыйна-адукацыйны праект «Дыялогі аб прыродзе». У яго рамках на сустрэчах з навучэнцамі г. Гомеля навукоўцы абмяркуюць біяразнастайнасць лясных экасістэм, рацыянальнае прыродакарыстанне і палітыку, якая праводзіцца ў нашай краіне ў галіне аховы прыроды.
26 мая супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі падключацца да акцыі «Чысты бераг» па навядзенні парадку і добраўпарадкавання тэрыторыі прыбярэжнай паласы Вілейскага вадасховішча, а таксама правядуць лекцыю-палявы трэнінг «Біяразнастайнасць: простымі словамі аб складаным або першыя крокі да пазнання роднай прыроды» для школьнікаў ДУА «Германавіцкая сярэдняя школа Шаркаўшчынскага раёна» (Віцебская вобласць).

Па традыцыі ў рамках Тыдня роднай прыроды навукоўцы падрыхтавалі шырокую экскурсійную праграму.
Для навучэнцаў сярэдніх школ будуць арганізаваны азнаямленчыя экскурсіі на тэму: «Калекцыйныя фонды і навукова-даследчыя лабараторыі ДНВА НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах». У рамках Тыдня роднай прыроды (22–26 мая) можна будзе азнаёміцца з калекцыйнымі фондамі і экспазіцыямі Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі, у т. л. з калекцыямі рададэндрана, якія ўступілі ў фазу цвіцення, і калекцыяй бэзу. У Інстытуце лесу НАН Беларусі для навучэнцаў сярэдніх і сярэдне-спецыяльных устаноў г. Гомеля, жыхароў абласнога цэнтра будуць арганізаваны азнаямленчыя экскурсіі «Калекцыйныя фонды і навукова-даследчыя лабараторыі ДНУ «Інстытут лесу НАН Беларусі» з наведваннем музея гісторыі Інстытута лесу, кабінета-музея акадэміка В. А. Іпацьева, навукова-даследчых лабараторый Інстытута.