Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.05.2023

Навуковы савет па кніжнай культуры, кнігавыданні і бібліятэках МААН правядзе ў Брэсце Беркаўскія чытанні

24–25 мая 2023 года ў Брэсце адбудзецца VII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беркаўскія чытанні. Кніжная культура ў кантэксце міжнародных кантактаў», якая традыцыйна праводзіцца Міжнароднай асацыяцыяй акадэмій навук (МААН) і яе Навуковым саветам па кніжнай культуры, кнігавыданні і бібліятэках.

Арганізатарамі міжнароднага форуму выступілі НАН Беларусі, ДУ «Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі», УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна», Расійская акадэмія навук, Федэральная дзяржаўная ўстанова навукі «Навуковы і выдавецкі цэнтр “Навука” Расійскай акадэміі навук».

У працы міжнароднага навуковага мерапрыемства прымуць удзел навукоўцы і вядучыя спецыялісты з акадэмій навук, найбуйнейшых вышэйшых навучальных устаноў, музеяў, архіваў, бібліятэк Беларусі і Расіі, Азербайджана і Кітая: гісторыкі, філолагі, культуролагі, мастацтвазнаўцы, псіхолагі, кнігазнаўцы, выдаўцы — прадстаўнікі розных навуковых школ і даследчых напрамкаў. Плануецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў, звязаных з развіццём кніжнай культуры ў тэарэтычным аспекце, інфармацыйнай культурай асобы і грамадства ў цэлым, тэкставай камунікацыяй, у тым ліку з пункту гледжання каштоўнасна-светапоглядных аспектаў, гісторыяй кніжных і рукапісных збораў, архіўных дакументаў, бытаваннем рэдкіх выданняў, мастацтвам у прасторы кніжнай культуры. Сярод асноўных праблем, прапанаваных да абмеркавання дакладчыкамі, — пытанні навукі пра кнігу ў міждысцыплінарным дыскурсе, гістарычная памяць і кніжная культура як фактар яе фарміравання, роля энцыклапедыстыкі і біяграфікі ў навуцы і гістарычнай памяці, кніжных збораў у гісторыка-культурным аспекце, рарытэты, іх асаблівасці і бытаванне на тэрыторыі Усходняй Еўропы, чытанне, яго трансфармацыя і сацыякультурныя наступствы, стварэнне электронных нацыянальных рэсурсаў, а таксама многія іншыя, звязаныя з актуальнымі напрамкамі дзейнасці навуковых і бібліятэчна-інфармацыйных устаноў, музеяў і архіваў.

Канферэнцыя пройдзе ў рамках работы Пленарнага пасяджэння і дзевяці секцыйных пасяджэнняў. Даклады яе ўдзельнікаў адбудуцца ў фарматах offline і online. З праграмай канферэнцыі можна азнаёміцца на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (https://csl.bas-net.by/pdf/2023/berkov-2023-program.pdf)

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беркаўскія чытанні. Кніжная культура ў кантэксце міжнародных кантактаў» пройдзе ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна (Рэспубліка Беларусь, г. Брэст, Бульвар касманаўтаў, 21). Пачатак працы 24 мая 2023 г. у 10.00.