Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.05.2023

18-19 мая 2023 г. у НАН Беларусі прайшоў III Міжнародны Форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі

У НАН Беларусі прайшоў III Міжнародны Форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Эстоніі, Абхазіі. 18 мая 2023 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылося ўрачыстае адкрыццё. З прывітальным словам выступілі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лакотка і начальнік Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры РБ Ірына Дрыга. Былі зачытаны прывітальнае слова ад Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова і віншавальны адрас ад міністра культуры РБ Анатоля Маркевіча. Перад наведвальнікамі выступіла музычная капэла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Дэманстравалася выстаўка ілюстрацый па матывах народных казак, мастацкіх праектаў-пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў і кніжных выданняў. У рамках Форуму на секцыях удзельнікі абмеркавалі стан і асаблівасці казачнай традыцыі ў сучасным грамадстве, развіццё і ўзаемадзеянне з фальклорам літаратурнай казкі, інтэрпрэтацыю народнай казкі і міфа ў выяўленчым, тэатральным, музычным, экранным мастацтве і медыяпрасторы. Таксама прайшоў адкрыты круглы стол «Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай».

19 мая 2023 года прайшоў круглы стол «Беларуская міфалогія: ад аўтэнтыкі да містыфікацый», адбыўся паказ і абмеркаванне беларускіх анімацыйных фільмаў-казак. Для наведвальнікаў таксама былі арганізаваны майстар-класы па рамёствах: набіванцы і вырабе птушачак з саломкі. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы перад удзельнікамі форуму выступілі майстры казачнага жанру: Глухатарэнка Людміла Фёдараўна (в. Санюкі, Ельскі р-н), Галкоўскі Аляксандр Мікалаевіч (в. Судзілы, Клімавіцкі р-н), Рэзкіна Лілія Пятроўна (г. Віцебск), Панчэня Кацярына Аляксееўна (в. Пласток, Жыткавіцкі р-н), Прус Наталля Васільеўна (в. Прудок, Мазырскі р-н) і Супрунчык Іван Піліпавіч (в. Цераблічы, Столінскі р-н). Былі падведзены вынікі дзіцячага конкурсу выканаўцаў беларускай народнай казкі, пераможцам і ўдзельнікам конкурсу ўручылі дыпломы і прызы ад партнёраў форуму — кампаніі «Белдзяржстрах» і Мінскага гадзіннікавага завода «Луч», выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Тэгi
#форумы