Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.05.2023

Дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел у прамежкавым пасяджэнні членаў Міжнароднага навуковага савета (ISC) «Выкарыстанне сінергіі ў навуцы»

Дэлегацыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на чале з Галоўным вучоным сакратаром НАН Беларусі В. Л. Гурскім прыняла ўдзел у прамежкавым пасяджэнні членаў Міжнароднага навуковага савета (ISC) «Выкарыстанне сінергіі ў навуцы», якое праходзіла 8–10 мая 2023 года ў г. Парыжы (Французская Рэспубліка).

Міжнародны навуковы савет (англ. International Science Council, ISC) — міжнародная няўрадавая арганізацыя, дзейнасць якой прысвечана развіццю міжнароднага супрацоўніцтва з мэтай прасоўвання навукі. ISC аб’ядноўвае 40 міжнародных навуковых саюзаў і асацыяцый, а таксама больш за 140 нацыянальных і рэгіянальных навуковых арганізацый, уключаючы акадэміі навук і даследчыя саветы. НАН Беларусі з’яўляецца членам ISC з 1992 года.

Пасяджэнне аб’яднала больш за 300 прадстаўнікоў акадэмій навук, міжнародных аб’яднанняў, даследчых саветаў і ўніверсітэтаў з 85 дзяржаў. Дэлегацыяй праведзены шэраг перагавораў з кіраўніцтвам арганізацый-удзельніц з больш як 30 краін свету (Арменіі, Балгарыі, Зімбабвэ, Кітая, Калумбіі, Амана, Перу, Францыі, Эквадора і інш.) аб перспектыўных напрамках развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку на кантрактнай аснове. Падчас сустрэчы з прэзідэнтам ISC Пітэрам Глюкманам і генеральным дырэктарам ISC Сальваторэ Арыка бакі выказалі намер інтэнсіфікаваць узаемадзеянне беларускіх арганізацый і асобных навукоўцаў з замежнымі калегамі на платформе ISC. Гурскі зрабіў прэзентацыю аб дзейнасці НАН Беларусі і МААН, штаб-кватэра якой функцыянуе на базе НАН Беларусі, і прапанаваў прапрацаваць магчымасці рэалізацыі сумесных мерапрыемстваў з удзелам двух навуковых саюзаў. Кіраўнік ISC вітаў удзел беларускай дэлегацыі ў мерапрыемстве і выказаў надзею на актыўнае ўключэнне прадстаўнікоў беларускай навукі ў ініцыятывы ISC.

Па выніках удзелу дэлегацыі НАН Беларусі ў пасяджэнні членаў ISC запланавана накіраванне прапаноў па перспектыўных напрамках супрацоўніцтва ў адрас шэрагу арганізацый-удзельніц, а таксама запрашэнняў наведаць яе падведамныя арганізацыі. Будзе разгледжана магчымасць удзелу вучоных НАН Беларусі ў міжнародных мерапрыемствах, запрашэнне на якія было атрымана ў ходзе пасяджэння.