Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.05.2023

На сумесным пасяджэнні Прэзідыумаў НАН Беларусі і РАН абмеркаваны напрамкі развіцця супрацоўніцтва вучоных дзвюх краін

26 мая 2023 года адбылося сумеснае пасяджэнне Прэзідыумаў НАН Беларусі і РАН, якое прайшло пад старшынствам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэміка Уладзіміра Гусакова і прэзідэнта РАН акадэміка Генадзя Краснікава. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў і прэзідэнт НДЦ «Курчатаўскі інстытут» Міхаіл Кавальчук.

Удзельнікі сумеснага пасяджэння Прэзідыумаў РАН і НАН Беларусі разгледзелі цэлы шэраг важных пытанняў. Сярод іх — найважнейшыя вынікі работы РАН і НАН Беларусі па выніках 2021–2022 гадоў; ход рэалізацыі праграм Саюзнай дзяржавы з удзелам арганізацый РАН і НАН Беларусі і перспектыўных праектах праграм, стратэгія навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы. Навуковая эліта дзвюх краін абмеркавала даследаванні і распрацоўкі ў галіне мікраэлектронікі ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь, праграму навукова-даследчых работ філіяла НДЦ «Курчатаўскі інстытут» у Рэспубліцы Беларусь, сумесныя беларуска-расійскія праекты ў рамках праграм Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Расійскага навуковага фонду. Асаблівая ўвага была ўдзелена дзейнасці РАН і НАН Беларусі па захаванні гістарычнай памяці аб Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, беларускія і расійскія вучоныя маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў галіне космасу, мікраэлектронікі і распрацоўкі праграмнага забеспячэння. «Ужо выканана больш за 50 навуковых праграм Саюзнай дзяржавы, Акадэмія навук Беларусі прымала ўдзел прыкладна ў 30 праграмах. Яны тычыліся ў тым ліку космасу. Наша беларуская касмічная сістэма створана дзякуючы гэтай праграме. Створаны і беларускі суперкамп’ютар, якім мы ганарымся, ужо ёсць цэлая серыя. Вельмі актыўна развіваецца атамная энергетыка, многае зроблена ў галіне матэрыялазнаўства — найноўшых матэрыялаў для машынабудавання і прыборабудавання. Мікраэлектроніка, сельская гаспадарка, фармацыя — усім гэтым напрамкам надаецца ўвага», — сказаў Уладзімір Гусакоў.

На сумесным пасяджэнні Прэзідыумаў НАН Беларусі і РАН адбылося падпісанне дарожнай карты па развіцці супрацоўніцтва арганізацый НАН Беларусі і Далёкаўсходняга аддзялення Расійскай акадэміі навук. На 2023–2025 гады. Подпісы пад дакументам паставілі першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык і старшыня ДА РАН акадэмік Юрый Кульчын.

У гэты ж дзень прэзідэнт РАН акадэмік Генадзь Краснікаў уручыў дыпломы замежнага члена РАН і нагрудны знак РАН замежным членам РАН — васьмі акадэмікам і членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. Як адзначыў Генадзь Краснікаў, сёння 18 членаў НАН Беларусі з’яўляюцца членамі РАН. 9 членаў РАН — членамі НАН Беларусі.