Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.05.2023

У НАН Беларусі праходзіць візіт дэлегацыі Далёкаўсходняга аддзялення Расійскай акадэміі навук

З 24 па 28 мая 2023 г. у НАН Беларусі знаходзілася дэлегацыя Далёкаўсходняга аддзялення Расійскай акадэміі навук (ДУА РАН) на чале з віцэ-прэзідэнтам РАН, старшынёй ДУА РАН, акадэмікам Ю. М. Кульчыным.

25 мая адбылася сустрэча дэлегацыі з першым намеснікам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі С. А. Чыжыкам, у час якой бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі і механізмы развіцця супрацоўніцтва, далейшыя крокі па рэалізацыі падрыхтаванай Дарожнай карты па развіцці супрацоўніцтва паміж арганізацыямі НАН Беларусі і ДУА РАН на 2023–2025 гг. Таксама былі абмеркаваны пытанні фінансавання сумесных праектаў, якія ўключаны ў Дарожную карту.

26 мая Ю. М. Кульчын і прадстаўнікі кіраўніцтва ДУА РАН прынялі ўдзел у сумесным пасяджэнні Прэзідыумаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі навук, на якім адбылося падпісанне вышэйназванай Дарожнай карты.

З мэтай вызначэння перспектыўных напрамкаў пашырэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дэлегацыя кіраўніцтва ДУА РАН наведала ДНУ «Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі», РУП «НПЦ НАН Беларусі па харчаванні», ДНУ «Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі», РВУП «Акадэмфарм», ДУ «Цэнтр геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі», ГА «НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве», ДНВА парашковай металургіі, ДНУ «Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі» і РУП «НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве».

Праграма візіту дэлегацыі Савета маладых навукоўцаў ДУА РАН працягнецца да 4 чэрвеня 2023 года і прадугледжвае наведванне ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі», УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі, ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», РУП «Талачынскі кансервавы завод», ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах», ДНУ «Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі». На 1 чэрвеня 2023 года запланавана правядзенне круглага стала маладых навукоўцаў ДУА РАН і НАН Беларусі.