Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.06.2023

На «БЕЛАГРА-2023» каля 50 арганізацый НАН Беларусі прадстаўляюць звыш 200 распрацовак і тэхналогій

Каля 50 арганізацый НАН Беларусі прымаюць удзел у Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «БЕЛАГРА-2023». Усяго навукоўцы і спецыялісты Акадэміі навук дэманструюць звыш 200 інавацыйных распрацовак і тэхналогій у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці розных напрамкаў.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выстаўкі прыняў удзел намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Пётр Казакевіч.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, кіраўніцтва НАН Беларусі падрабязна азнаёміліся з акадэмічнай экспазіцыяй на «БЕЛАГРА-2023», дзе ім былі прадэманстраваны апошнія распрацоўкі вучоных.

НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі прадстаўляе новыя машыны, абсталяванне і прыборы для тэхнічнага забеспячэння інавацыйных тэхналогій аграпрамысловага комплексу: буртаўкладачны комплекс для цукровых буракоў, падборшчык валунных камянёў, сеялка зернятукавая механічная навясная, прылада біяметрычнай ідэнтыфікацыі перадмастытнага стану вымя дойнага статка, плуг адваротны трохкорпусны, размотчык рулонаў і інш. Экспазіцыя РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» прадстаўлена новымі машынамі, абсталяваннем і прыборамі для тэхнічнага забеспячэння інавацыйных тэхналогій аграпрамысловага комплексу. Новыя распрацоўкі прызначаныя для механізацыі тэхналагічных працэсаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.

РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве» ў рамках выстаўкі паказвае насенне новых сартоў асноўных сельскагаспадарчых культур, створаных навукоўцамі-аграрыямі на базе цэнтра, з высокім патэнцыялам прадукцыйнасці і ўраджайнасці, раянаваных на 2022–2023 гг.: пшаніца азімая Асіма, пшаніца яравая Сцяг, жыта Забава, трыцікале азімае Медэа, трыцікале яравое Справа, ячмень яравы Бізнес, авёс Зеніт, грэчка Дзяліва і інш. РУП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» дэманструе вадкія ўгнаенні, прыгатаваныя на аснове хелатаў металаэлементаў цынку, медзі і бору ў аргана-мінеральнай форме з дабаўленнем рэгулятара росту — гідрагуміна, гідрагумата ці іншых гумінавых рэчываў, якія прызначаны для перадпасяўной інкрустацыі і для некаранёвай падкормкі сельскагаспадарчых культур. Яны павышаюць ураджайнасць культур і якасць прадукцыі.

На стэндзе РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па харчаванні» прадстаўлена інавацыйная прадукцыя і праведзена яе дэгустацыя. Прапануецца: энергетычныя напоі без кафеіну; безалкагольнае піва; новыя віды кансерваў на аснове грыбоў; сокі і нектары і соказмяшчальныя напоі; соусная прадукцыя; новыя віды кандытарскіх вырабаў.

ДП «Цэнтр сістэм ідэнтыфікацыі» дэманструе ў рамках выстаўкі тэхналогіі і сістэмы аўтаматычнай ідэнтыфікацыі, каталагізацыі і прасочвальнасці прадукцыі ў ланцугах паставак з выкарыстаннем штрыхавых кодаў, RFID і блокчэйн-тэхналогій, якія забяспечваюць уніфікаванае выкарыстанне лічбавых пашпартоў тавараў, электронных суправаджальных дакументаў, у тым ліку пры экспарце беларускіх тавараў.

ДП «Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі» прадстаўляе святлодыёднае электраасвятленне для агародніцтва закрытага грунту.

Навукоўцы НАН Беларусі дэманструюць таксама на «БЕЛАГРА-2023» прадукты харчавання для дзяцей на плодаагародніннай, мясной і малочнай асновах; тэхналогіі перапрацоўкі малака-сыравіны чырвоных парод жывёлы на малочныя прадукты, а таксама новыя сарты бульбы і іншых сельскагаспадарчых раслін, ветэрынарныя прэпараты, рэгулятары росту раслін і многае іншае.

Тэгi
#выставы