Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.06.2023

Акадэмія навук прадстаўляе распрацоўкі на Міжнароднай выстаўцы кааперацыйных праектаў «Еўразія — наш дом» у Сочы

НАН Беларусі прадстаўляе распрацоўкі на Міжнароднай выставе кааперацыйных праектаў «Еўразія — наш дом» у Сочы, якая праходзіць 7–9 чэрвеня 2023 года на тэрыторыі Парку навукі і мастацтва «Сірыус».

Галоўная мэта экспазіцыі, якая прымеркавана да Еўразійскага міжурадавага савета, — прадэманстраваць інтэграцыйныя праекты ў фармаце галіновых кластараў, падзеленых па асноўных напрамках: прамысловасць, фінансы, лічбавізацыя і лічбавае развіццё, ахова здароўя, турызм, спорт, навука і адукацыя.

7 чэрвеня 2023 года з распрацоўкамі вучоных НАН Беларусі азнаёміўся Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Кіраўнік дэлегацыі НАН Беларусі, генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Сяргей Круглікаў прадставіў Міхаілу Мясніковічу апошнія распрацоўкі вучоных.

На выстаўцы «Еўразія — наш дом» у Сочы арганізацыі НАН Беларусі прадстаўляюць 20 найменняў распрацовак у выглядзе натурных узораў, макетаў, дзеючых мадэляў, якія дэманстраваліся на выстаўцы «Беларусь інтэлектуальная». Сярод іх: авіямадэль мультыротарнага тыпу «Аградрон А60-Х», нейрасеткавы праграмны комплекс для падтрымкі прыняцця рашэнняў пры дыягностыцы захворванняў лёгкіх на аснове рэнтгенаўскіх і тамаграфічных малюнкаў (LungExpert); камплект электронных модуляў сістэмы кіравання цягавай батарэі электрычных транспартных сродкаў і інш. Акрамя таго, прадстаўлены распрацоўкі з выкарыстаннем каталогаў, раздатачных матэрыялаў, прэзентацый, відэаматэрыялаў, уключаючы 3D-тур па віртуальнай выстаўцы.

Тэгi
#выставы