Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.06.2023

Навукоўцы з 6 краін абмеркавалі ў НАН Беларусі сучасны стан і перспектывы развіцця фундаментальнай і прыкладной мікрабіялогіі

6–9 чэрвеня 2023 года ў НАН Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мікробныя біятэхналогіі: фундаментальныя і прыкладныя аспекты».

У мерапрыемствах форуму прынялі ўдзел звыш 240 вядомых і маладых даследчыкаў, спецыялістаў у галіне мікрабіялогіі і біятэхналогіі, прадстаўнікоў біятэхналагічных кампаній з Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Кітая, Казахстана і Узбекістана. Спецыялісты ацанілі сучасны стан і перспектывы развіцця мікрабіялогіі і біятэхналогіі.

На канферэнцыі была прадстаўлена інфармацыя аб найноўшых дасягненнях і сусветных тэндэнцыях у галіне фундаментальнай і прыкладной мікрабіялогіі, сучасных падыходах да стварэння біяпрэпаратаў для сельскай гаспадаркі, прамысловасці, медыцыны, аховы навакольнага асяроддзя, абмеркаваны перспектывы эфектыўнай трансфармацыі вынаходак у інавацыі і ўкаранення навукаёмістых біятэхналогій у рэальны сектар эканомікі.

Праграма канферэнцыі ўключала больш за 80 вусных і 100 стэндавых дакладаў па 5 секцыях: «Фізіялогія, біяхімія і генетыка мікраарганізмаў», «Біятэхналогіі для сельскай гаспадаркі», «Мікробны сінтэз біялагічна актыўных злучэнняў. Генна-інжынернае канструяванне мікраарганізмаў. Калекцыі мікраарганізмаў», «Біятэхналогіі для медыцыны і прамысловасці» і «Прыродаахоўныя біятэхналогіі». У рамках канферэнцыі адбыўся II з’езд мікрабіёлагаў Беларусі, круглы стол «Да “зялёнай эканомікі” праз біятэхналогіі». Працавала выстаўка айчыннай і замежнай біятэхналагічнай прадукцыі, на якой былі прадстаўлены найноўшыя распрацоўкі сусветнага ўзроўню для сельскай гаспадаркі, прамысловасці, экалогіі, аховы здароўя і іншых сфер.