Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.06.2023

Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Талачынскі райвыканкам падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Талачынскім раённым выканаўчым камітэтам падпісана ў рамках навукова-практычнай канферэнцыі «Талачынскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна», прысвечанай 590-годдзю першага згадвання горада ў пісьмовых крыніцах.

Подпісы пад дакументам паставілі дырэктар Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза і старшыня Талачынскага раённага выканаўчага камітэта Алег Лындзін. Дакумент прадугледжвае арганізацыю сумесных навуковых даследаванняў, папулярызацыю навуковых ведаў, падрыхтоўку і выданне сумесных навуковых прац, правядзенне сумесных навукова-практычных канферэнцый, круглых сталоў, семінараў і іншых мерапрыемстваў.

15–16 чэрвеня 2023 г. з нагоды святкавання 590-годдзя першай згадкі Талачына ў пісьмовых крыніцах Інстытут гісторыі НАН Беларусі сумесна з Талачынскім раённым выканаўчым камітэтам правялі навукова-практычную канферэнцыю «Талачынскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна (да 590-годдзя першага згадвання Талачына ў пісьмовых крыніцах)». У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел больш як 70 гісторыкаў, археолагаў, мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, архівістаў, супрацоўнікаў музеяў і бібліятэк, краязнаўцаў і школьнікаў з Талачына, Мінска, Віцебска, Полацка, Оршы, Лёзна, Магілёва, Мазыра і Масквы.

У знак удзячнасці за супрацоўніцтва Вадзім Лакіза перадаў гарадской бібліятэцы ўнікальныя кніжныя выданні па гісторыі, а таксама за ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны ўручыў Падзякі старшыні Талачынскага раённага выканаўчага камітэта Алегу Лындзіну, дырэктару Талачынскага кансервавага завода, заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Ганароваму грамадзяніну Талачынскага раёна Анатолю Анюхоўскаму, дырэктару гісторыка-краязнаўчага музея Ірыне Пікулік і намесніку дырэктара сярэдняй школы №2 імя М. П. Лугоўскага Сняжане Гвоздзевай.