Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.06.2023

Адбылася ўрачыстая сустрэча ўдзельнікаў 15-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі

19 чэрвеня 2023 года ў НАН Беларусі адбылася ўрачыстая сустрэча ўдзельнікаў 15-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі.

У Акадэміі навук сабраліся ўдзельнікі 15-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, беларускіх антарктычных экспедыцый розных гадоў; супрацоўнікі арганізацый аддзяленняў НАН Беларусі, якія ўдзельнічаюць у антарктычнай тэматыцы; кіраўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі, маладыя навукоўцы.

Як адзначыў падчас урачыстай сустрэчы палярнікаў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, удзельнікі 15-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі спрацавалі дакладна, зладжана і вынікова. «Мы рады, што вы ўсе здаровыя і паспяхова выканалі ўскладзеныя на вас абавязацельствы. Сёлета быў павялічаны час знаходжання ў Антарктыдзе — вы знаходзіліся там больш за 7 месяцаў і выконвалі ўсе пастаўленыя задачы, праграмы і прыехалі з добрымі вынікамі. Экспедыцыя спрацавала дакладна, зладжана і вынікова», — звярнуўся Уладзімір Гусакоў да ўдзельнікаў экспедыцыі. Для Беларусі вельмі важна заставацца і замацоўвацца на гэтым кантыненце, адзначыў Старшыня Прэзідыума. «Там забаронена гаспадарчая дзейнасць, але турыстычная толькі ўзмацняецца. Таму важна паказаць сусветнай супольнасці, што Беларусь мае ў Антарктыдзе сваю станцыю, якую мы пашыраем і развіваем. Думаю, што па выніку 15-й экспедыцыі нам неабходна падрыхтаваць матэрыялы для кіраўніка дзяржавы і паказаць вынікі», — дадаў кіраўнік НАН.

Са словамі прывітання выступілі: намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі, акадэмік Уладзімір Логінаў, дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка, начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Уладзімір Рыжыкаў. Начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў падзяліўся вынікамі экспедыцыі, расказаў пра асаблівасці працы ў гэты палявы сезон. На завяршэнне цырымоніі членам экспедыцыі былі ўручаны ганаровыя граматы НАН Беларусі і памятныя сувеніры.

У холе першага паверха таксама дэманстравалася фотавыстаўка, прысвечаная першаму беларускаму ўнутрыкантынентальнаму паходу ў раней нявывучаны раён мацерыковай часткі Антарктыды.