Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.06.2023

Уладзімір Гусакоў усклаў кветкі да Абеліска на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы ва Уруччы

У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа кіраўніцтва НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі акадэмікам Уладзімірам Гусаковым усклала кветкі да Абеліска загінулым ваеннапалонным і цывільным асобам на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы ва Уруччы.

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснікі Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмікі-сакратары Аддзяленняў навук НАН Беларусі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

«Гэты Абеліск — трагічнае і знакавае месца. Тут пахавана 30 тысяч чалавек... Беларусы — адна з найбольш пацярпелых у выніку вайны нацый. За гады Вялікай Айчыннай вайны было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў, больш за 9 тысяч вёсак, многія з якіх – з жыхарамі. Амаль 3 мільёны загінула», — адзначыў Уладзімір Гусакоў.

Гаворачы аб генацыдзе беларускага народа, кіраўнік Акадэміі навук прывёў апошнія звесткі аб зверствах фашыстаў на тэрыторыі нашай краіны. «Галоўным сродкам насаджэння свайго “новага парадку” нацысты выбралі палітыку генацыду і масавага тэрору. Канцлагеры, турмы, гета дзейнічалі практычна ў кожным раёне Беларусі. Усяго ў межах рэспублікі было створана 260 лагераў смерці і 70 гета. Лагер смерці Трасцянец, які знаходзіўся пад Мінскам, лічыцца найбуйнейшым па колькасці ахвяр (206,5 тысяч чалавек) пасля Асвенціма, Майданка і Трэблінкі. У масавым парадку здзяйсняліся забойствы яўрэйскага насельніцтва Беларусі і яўрэяў, вывезеных з іншых краін Еўропы. Устаноўлена больш за 530 месцаў расстрэлаў і знішчэння людзей на тэрыторыі Беларусі. Уся наша краіна ўсеяна помнікамі, абеліскамі, брацкімі магіламі... вось што прынесла вайна нашаму народу. Гэта нельга забываць», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Абеліск на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы ва Уруччы ўзведзены ў памяць 30 тысяч савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных грамадзян, расстраляных і закатаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—1943 гг.