Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.06.2023

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Гусакова У. Р. з Днём Незалежнасці 2023

Паважаныя калегі, дарагія ветэраны!
Віншую вас з галоўным для ўсяго беларускага народа святам — Днём Незалежнасці.

Вось ужо 79 гадоў яно аб’ядноўвае нас свяшчэннай памяццю аб ратным подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Дата 3 ліпеня ўвайшла ў гісторыю нашай краіны яркай старонкай гераічнай доблесці франтавікоў і працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў, якія заваявалі свабоду для свайго народа, адстаялі незалежнасць Радзімы. У ліку тых, хто прымаў удзел у вызваленні беларускіх гарадоў і вёсак ад фашыстаў, было нямала работнікаў Акадэміі навук. Хацелася б асобна сказаць словы падзякі ўсім ветэранам, якія прысвяцілі сябе ў тыя гады навуковай працы. Даследаванні навукоўцаў у перадваенныя і ваенныя гады дазволілі ажыццявіць распрацоўку перадавой тэхнікі і наладзіць яе масавую вытворчасць, пры іх актыўным удзеле ўдалося ў сціслыя тэрміны перавесці прамысловасць на ваенныя рэйкі. Таксама як навукоўцы-медыкі забяспечылі паспяховае лячэнне параненых у палявых умовах. А сёння ў арганізацыях НАН Беларусі працуюць іх дзеці і ўнукі. Нашы сучаснікі годна працягваюць традыцыі несмяротнага подзвігу пакалення Вызваліцеляў і ўпэўнена глядзяць у будучыню.

Рэспубліка Беларусь дынамічна развіваецца, з’яўляецца дэмакратычнай, суверэннай дзяржавай з устойлівай эканомікай і перадавымі тэхналогіямі. На жаль, сёння наша дзяржава падвяргаецца грубаму ціску звонку з боку розных дэструктыўных сіл. Важная ўмова паспяховай барацьбы з імі — адзінства нашага народа, у аснове якога любоў да сваёй Радзімы. І патрыятызм. А, як вядома, — гэта вечная каштоўнасць, якая злучае мінулае, сучаснасць і будучыню народа.

Сёння фабрыкуецца нямала фальсіфікацый, згодна з якімі акупанты і агрэсары прадстаўляюцца ледзь не вызваліцелямі. Але нашы гісторыкі пераканаўча даказалі, што Другая сусветная вайна вялася на знішчэнне савецкага народа, у тым ліку беларускага. Пакуль мы не забываем і актыўна адстойваем гістарычныя факты, пакуль мы дзякуем ветэранам вайны за іх мужнасць — наша краіна і ўвесь прагрэсіўны свет таксама будуць памятаць пра гэта.

У Год міру і стваральнай працы дата 3 ліпеня напаўняецца новым сэнсам. Гэтае свята не толькі напамін пра цяжкі шлях да свабоды і незалежнасці, які беларусы прайшлі разам з іншымі брацкімі народамі, але і надзейная аснова для руху наперад. Нацыянальныя інтарэсы, веліч і годнасць кожнага грамадзяніна — ва ўсведамленні непадзельнага адзінства з лёсам сваёй краіны, у салідарнасці, у разуменні працы на карысць Радзімы і свайго грамадства як фактару асабістага шчасця.

Дзень Рэспублікі — радаснае свята, сімвал адданасці сваёй Айчыне, надзеі і аптымізму. Мы павінны захаваць самае каштоўнае, што заваявана ў 44-м — мір, свабоду і Незалежнасць нашай краіны.

Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, міру і дабрабыту.
Са святам вас, дарагія ветэраны і калегі!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі