Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.06.2023

Першым выпускнікам магістратуры Універсітэта НАН Беларусі ўручаны дыпломы

30 чэрвеня 2023 года ў Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных дыпломаў першым выпускнікам магістратуры ДУА «Універсітэт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» 2022/2023 навучальнага года.

У цырымоніі прынялі ўдзел магістранты, кіраўніцтва НАН Беларусі, акадэмікі-сакратары Аддзяленняў НАН Беларусі, дырэктары інстытутаў, блізкія і родныя выпускнікоў.

З віншавальным словам да выпускнікоў звярнуліся Сяргей Чыжык, першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, Васіль Гурскі, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, акадэмікі-сакратары Аддзяленняў навук НАН Беларусі, дырэктары навуковых арганізацый і інш.

Сёлета сярод магістрантаў выпускнікі такіх спецыяльнасцей, як: «Біялогія», «Сацыялогія», «Мастацтвазнаўства», «Эканоміка», «Фізіка», «Хімія», «Інавацыйныя тэхналогіі ў машынабудаванні», у тым ліку магістрантамі сталі і 3 замежныя грамадзяніны (па спецыяльнасцях «Хімія» і «Мастацтвазнаўства»). Усе выпускнікі маюць шэраг навуковых публікацый як у рэспубліканскіх, так і ў замежных навуковых выданнях. Выпускнікі магістратуры пастаянна фарміруюць каля 70 % кантынгенту тых, хто паступае ў аспірантуру Акадэміі на вочнае аддзяленне.