Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.07.2023

Звыш 50 навукова-тэхнічных распрацовак прадставіць НАН Беларусі на выстаўцы «ІНАПРАМ» у Екацярынбургу

10–13 ліпеня 2023 г. у г. Екацярынбургу адбудзецца найбуйнейшая ў Расійскай Федэрацыі Міжнародная прамысловая выстаўка «ІНАПРАМ». Галоўная тэма: «Устойлівая вытворчасць: стратэгіі абнаўлення».

Краінай-партнёрам 13-й Міжнароднай прамысловай выстаўкі «ІНАПРАМ» выступае Рэспубліка Беларусь. Афіцыйную дэлегацыю, якая прыме ўдзел у выставачных мерапрыемствах, узначаліць Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка. Ад НАН Беларусі кіраўнік дэлегацыі — першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык.

На выстаўцы будзе прадэманстравана звыш 50 навукова-тэхнічных распрацовак НАН Беларусі па 6 напрамках: пілатаваныя і беспілотныя лятальныя апараты; электратранспарт і яго кампанентная база; мікраэлектроніка і лазерная тэхніка; штучны інтэлект і IT-тэхналогіі; новыя матэрыялы і прамысловыя тэхналогіі; тэхналогіі для асваення космасу.

Сярод найноўшых распрацовак НАН Беларусі будуць прадстаўлены: звышлёгкі лятальны апарат тыпу аўтажыр (гіраплан) мадэлі ЯСТРАБ; сельскагаспадарчы комплекс А-60Х, абсталяваны сістэмай распылення (Аградрон А-60Х) вытворчасці Кітайска-Беларускага сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы»; макеты беспілотных лятальных апаратаў у натуральную велічыню «Бусел МКР» і «Буравеснік» вытворчасці «НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў» НАН Беларусі і інш.