Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.07.2023

У новай кнізе выдання «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх» — каля 400 старонак

У НАН Беларусі адбылася прэзентацыя 3-й кнігі серыйнага выдання «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!». У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва НАН Беларусі, у тым ліку аўтары артыкулаў, вядомыя вучоныя краіны, дырэктары інстытутаў, палітычныя і грамадскія дзеячы, ветэраны, моладзь.

На прэзентацыі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў: «У гэтых кнігах — матэрыялы саміх жыхароў Беларусі. Яны дасылаюць пакінутыя пасведчанні сваіх сваякоў ці знаёмых, звесткі пра ўзнагароды, успаміны пра сваіх землякоў і блізкіх. Гэтая буйная акцыя вельмі важная і запатрабаваная, таму што гэтыя кнігі выкарыстоўваюцца для навуковых даследаванняў, шырокага інфармавання народа, у тым ліку патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Гэтая серыя кніг бестэрміновая. Як будуць назапашвацца матэрыялы, мы будзем выдаваць новыя выданні. Гэта вельмі важна для нашай краіны, таму што Беларусь моцна пацярпела ў часы ВАВ, і, безумоўна, у той час быў генацыд беларускага народа».

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза адзначыў, што задача гісторыкаў — максімальна шырока даносіць новыя звесткі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны да беларусаў. Ён заклікаў усіх жыхароў краіны дасылаць у Інстытут гісторыі фатаграфіі і дакументальныя сведчанні пра падзеі ВАВ.

Трэцяя кніга, падрыхтаваная навукоўцамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў рамках ініцыяванай НАН Беларусі Усебеларускай акцыі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!», з’яўляецца прыкладам практычнай работы па ўвекавечанні пераможцаў у Вялікай Айчыннай вайне. Выданне змяшчае каля 400 старонак тэксту ўспамінаў, копіі дакументаў, фатаграфіі асабістых унікальных прадметаў, біяграфіі канкрэтных людзей, даследчыя работы школьнікаў, студэнтаў і ўжо сталых навукоўцаў. У Інстытут гісторыі НАН Беларусі паступаюць новыя дакументальныя матэрыялы з сямейных архіваў, школ, музейных устаноў, успаміны людзей аб сваіх сваяках і блізкіх, земляках і знаёмых — удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, партызанах і падпольшчыках, працаўніках тылу і проста тых, хто зведаў на сабе ўсе жахі шматгадовай акупацыі.