Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.07.2023

Уладзімір Гусакоў ацаніў гатоўнасць да ўборкі і прыёму новага ўраджаю

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў 28 ліпеня 2023 года наведаў РВУП «Вусце НАН Беларусі», дзе адбыліся імправізаваныя Зажынкі бягучага ўраджаю. Гэта — традыцыйнае свята першага снапа, якое звязваюць з афіцыйным стартам уборачнай кампаніі. Праведзены агляд палёў, ацэнена гатоўнасць тэхнікі, насеннага завода і складскіх памяшканняў да ўборкі і прыёму новага ўраджаю.

Асабліва ўрачыста прайшла сустрэча Старшыні Прэзідыума з механізатарамі, на чые плечы выпала асноўная нагрузка пры выкананні ўборачных работ. Адзначана поўная гатоўнасць да ўборкі, вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні.

Агульная плошча сельгасугоддзяў усіх сельскагаспадарчых арганізацый НАН Беларусі складае 46411 га, з іх 36721 га – раллі. У 2023 годзе пад збожжавыя і зернебабовыя адведзена каля 13000 га. плошча ўборкі яравога і азімага рапсу складае больш за 5000 га.

Умовы надвор’я бягучага года (адсутнасць ападкаў на працягу больш як 60 дзён) не перашкодзілі працаўнікам вёскі вырасціць добры ўраджай.

Сёлета ў сельскагаспадарчых арганізацыях НАН Беларусі плануецца сабраць каля 45 тыс. тон насення збожжавых культур і 12 тыс. насення рапсу.

Па стане на 27 ліпеня 2023 года ўбраны ўраджай з 9 % плошчы. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых складае 35,1 цэнтнера з гектара, азімага рапсу — 20 ц/га. Найбольшая колькасць кармоў нарыхтавана ў РВУП «Вусце НАН Беларусі» і РУП «Шыпяны-АСК» – 11,2 і 9,5 ц. к. адз. травяністых кармоў на 1 умоўную галаву адпаведна.