Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

31.07.2023

У ходзе візіту дэлегацыі НАН Беларусі на Кубу падпісана восем пагадненняў аб супрацоўніцтве

18-28 ліпеня 2023 года адбыўся візіт дэлегацыі прадстаўнікоў арганізацый НАН Беларусі на Кубу, у час якога падпісана восем пагадненняў аб супрацоўніцтве.

Так, у час сустрэчы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Кубы падпісаны Мемарандумы аб узаемаразуменні паміж НАН Беларусі з Міністэрствам сельскай гаспадаркі Кубы (падпісалі галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі і намеснік міністра сельскай гаспадаркі Кубы Маўры Эчаварыа Бермудэс) і Міністэрствам харчовай прамысловасці Кубы (падпісалі галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі і намеснік міністра харчовай прамысловасці Кубы Хаўер Агіяр Радрыгес). У перагаворах прынялі ўдзел міністр сельскай гаспадаркі Ідаэль Хесус Перэс Брыта і міністр харчовай прамысловасці Мануэль Сабрына Марцінес.

Адбылася сустрэча з намеснікам Прэм’ер-міністра Х. Л. Тапіа Фансека, які курыруе аграхарчовы сектар Кубы. Бакі падвялі вынікі і адзначылі добры патэнцыял развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння. Адбылося падпісанне пагаднення аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі і «Cuba Ron S. A» у галіне выкарыстання адходаў вытворчасці рому ў тэхналогіі кармлення сельскагаспадарчых жывёл.

З мэтай далейшага развіцця супрацоўніцтва члены дэлегацыі НАН Беларусі наведалі цэлы шэраг прадпрыемстваў і арганізацый Кубы. Сярод іх: малочны комплекс Гаваны і фабрыка «Café Selecto», Цэнтр даследаванняў развядзення жывёлы ва ўмовах тропікаў, сельскагаспадарчая кампанія ў Бакуранаа, жывёлагадоўчая арганізацыя па развядзенні чырвоных лугавых кароў; кампанія «Labiofam» (падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці і «Labiofam»). Плённым стала знаёмства з працай навукова-даследчага інстытута харчовай прамысловасці (НДІХП). Падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці і НДІХП, а таксама паміж НПЦ НАН Беларусі па харчаванні і НДІХП.

Члены дэлегацыі прынялі ўдзел у грамадска значных мерапрыемствах кубінскага боку. Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі выступіў з дакладам на міжнароднай канферэнцыі: “Макрапраграма па навуцы, тэхналогіях і інавацыях Нацыянальнага плана па сацыяльна-эканамічным развіцці Кубы да 2030 года: яе роля ў кіраванні навукай, тэхналогіямі і інавацыямі”, якую праводзіла Міністэрства па навуцы, тэхналогіях і навакольным асяроддзі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі Кубы Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі выступіў з дакладам “Стратэгія развіцця аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь: навуковае забеспячэнне і механізмы рэалізацыі” перад кіраўнікамі арганізацый і службовымі асобамі аграхарчовай сферы Кубы.