Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.08.2023

Археалагічныя экспедыцыі вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Працягваюцца археалагічныя экспедыцыі вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Комплексная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Максіма Чарняўскага праходзіць на Крывінскім тарфяніку. Разам з удзельнікамі дайвінг-цэнтра «Марскі Пегас» даследавалася паселішча позняга неаліту — ранняга бронзавага веку Крывіна 3, культурны пласт якога знаходзіцца ніжэй за ўзровень вады ў штучным урочышчы р. Крывінка. Выяўлены шматлікі керамічны матэрыял другой паловы 3 — пачатку 2 тыс. да н. э., фрагменты драўляных канструкцый. Адабраны матэрыялы для спробы пабудовы адноснай дэндрахраналагічнай шкалы. Адпрацавана методыка археалагічных даследаванняў на малой глыбіні.

З 21 ліпеня па 10 жніўня ў Крупскім раёне Мінскай вобласці праходзіць экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Аляксандра Вашанава. Даследуецца помнік ранняга мезаліту — ранняга неаліту, які знаходзіцца каля в. Клішына ва ўрочышчы р. Выспа. Навукоўцы знайшлі шматлікія крамянёвыя і керамічныя вырабы. У адным з раскопаў быў зафіксаваны аб’ект, звязаны з жылым будынкам і пахаваннем, зробленым па абрадзе крэмацыі эпохі ранняга мезаліту (9–8 тыс. да н. э.), што з’яўляецца ўнікальнай з’явай для гэтага рэгіёна. Таксама праведзены даследаванні паселішча 3 чвэрці 3 тыс. да н. э. Асавец 2 (Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці), дзе працягваецца распрацоўка раскопак ранейшых гадоў. Выяўлены шматлікі археалагічны матэрыял — прылады працы, палявання і побыту з косці, рога, крэмнію і каменю, мастацкія і культавыя артэфакты з косці і бурштыну. У вялікай колькасці прадстаўлены керамічны посуд, сярод якога дамінуюць кругладонныя напаўненні. На частцы раскопу зафіксаваны складаны развал драўлянай канструкцыі пакуль нявысветленага характару.