Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.08.2023

Дзень археолага Інстытут гісторыі адзначыў шэрагам мерапрыемстваў

15 жніўня — сваё прафесійнае свята Дзень археолага — навукоўцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі правялі на археалагічным комплексе на р. Менцы ў в. Гарадзішча Мінскага раёна. Тут пад кіраўніцтвам Інстытута гісторыі праводзяцца маштабныя даследаванні, у якіх удзельнічаюць навукоўцы, студэнты, валанцёры ўсёй краіны.

На археалагічным комплексе былі арганізаваны майстар-класы ад вопытных археолагаў па зачыстцы культурнага пласта, археалагічныя раскопкі Вялікага гарадзішча пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі, выстаўка найноўшых артэфактаў, выступленне клуба гістарычных рэканструкцый «Волат». Адбыўся таксама выязны семінар па пытаннях археалагічнай спадчыны Беларусі і гісторыка-культурнага турызму, а таксама круглы стол «Інтэграцыя ў сферу турызму археалагічнай спадчыны Беларусі». У мерапрыемствах прынялі ўдзел археолагі Інстытута гісторыі НАН Беларусі; студэнты-валанцёры Мінска; навукоўцы, члены Аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі; кіраўнікі (прадстаўнікі) турыстычных арганізацый, супрацоўнікі Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага агенцтва па турызме, экскурсаводы, гіды-перакладчыкі, выкладчыкі турыстычных дысцыплін.

У Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя «Развіццё сучаснай беларускай археалогіі», прысвечаная Дню археолага. У якасці спікераў выступілі: Вадзім Лакіза, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Аляксей Аўласовіч, загадчык Цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, і Вольга Дрэвіла, навуковы супрацоўнік аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Яны расказалі пра некаторыя вынікі сваіх палявых даследаванняў, цікавыя знаходкі і ўнікальныя артэфакты.