Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.08.2023

Адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Аб падрыхтоўцы і правядзенні Фестывалю навукі – 2023»

24 жніўня 2023 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Аб падрыхтоўцы і правядзенні Фестывалю навукі – 2023». Першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык і старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі расказалі журналістам аб падрыхтоўцы форуму і падрабязна спыніліся на тым, якія цікавыя моманты чакаюць гасцей Фестывалю навукі – 2023.

2 верасня 2023 года ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі наведвальнікаў запрашаюць акунуцца ў свет знаходак археолагаў і адкрыццяў фізікаў, касмічных праектаў і дыялогаў з робатамі, наведаць майстар-класы і інтэлектуальныя гульні. Як нагадаў на сустрэчы з журналістамі Сяргей Чыжык, правядзенне Фестывалю навукі становіцца ўжо добрай традыцыяй. «Мы бачым вялікую цікавасць сярод насельніцтва да беларускіх інавацый. Пацвярджэнне таму і нядаўняя выстаўка “Беларусь інтэлектуальная”, якая прайшла ва ўсіх абласцях краіны і прыцягнула мноства наведвальнікаў». Адна з інтэрактыўных пляцовак будучага форуму — «100 інавацый маладых вучоных». Гэта ўжо другая падобная выстаўка-конкурс маладзёжных праектаў, якія знаходзяцца на высокай стадыі ўвасаблення. Па выніках работы выстаўкі будуць адабраны 20 найлепшых праектаў, расказаў старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі.

На фестывалі будзе цэлы шэраг цікавых лакацый. Так, пляцоўка з робатамі, на думку навукоўцаў, выкліча вялікую цікавасць у людзей усіх узростаў. Адбудзецца робатурнір — не проста футбол робатаў, але і міні-сумо, дзе яны будуць змагацца паміж сабой. І ўпершыню будзе паказаны аркестр робатаў: яны будуць не толькі граць, але і падтанцоўваць.

Сярод замежных партнёраў фестывалю будуць прадстаўлены Расійскі хіміка-тэхналагічны ўніверсітэт імя Д. І. Мендзялеева і Расійская акадэмія навук. Будуць удзельнічаць і Усерасійскі фестываль навукі NAUKA 0+, навукова-пазнавальны цэнтр «Запаведнае пасольства» маскоўскага парку Зараддзе. Таксама можна будзе наведаць пляцоўку «Atom team», арганізаваную Інфармацыйным цэнтрам па атамнай энергіі Мінска пры падтрымцы інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі «Расатам» (АСЭ).

Фестываль навукі пройдзе 2 верасня 2023 года з 11.00 да 19.00 у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі.