Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.08.2023

Дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел у X Міжнародным Форуме тэхналагічнага развіцця «Тэхнапрам-2023»

Дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел у X Міжнародным Форуме тэхналагічнага развіцця «Тэхнапрам-2023», які прайшоў з 22 па 25 жніўня ў Новасібірску.

Члены дэлегацыі прынялі ўдзел у пасяджэнні рабочай групы па стварэнні станцыі-лабараторыі «Бел-Сі» Цэнтра калектыўнага карыстання «Сібірская кальцавая крыніца фатонаў» (ЦКП «СККФ») пад кіраўніцтвам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пятра Пархомчыка, а таксама ў пленарным пасяджэнні НДЦ «Курчатаўскі інстытут» «Меганавука як аснова тэхналагічных прарываў і прасторавага развіцця краіны».

Акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Шумілін выступіў на пленарным пасяджэнні форуму НДЦ «Курчатаўскі інстытут» «Меганавука як аснова тэхналагічных прарываў і прасторавага развіцця краіны». У час форуму «Тэхнапрам-2023» абмяркоўвалася стварэнне ў рамках праекта «СККФ» расійска-беларускай станцыі «Бел-Сі». Мяркуецца, што на станцыі могуць праводзіцца даследаванні ў галіне матэрыялазнаўства, у тым ліку для патрэб касмічнай галіны, электратранспарту, станкабудавання. Акадэмік-сакратар Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі Сяргей Шчарбакоў адзначыў, што на станцыі можа праводзіцца комплекс даследаванняў у інтарэсах рэальнага сектара эканомікі, у прыватнасці, у галіне станкабудавання, матэрыялазнаўства і касмічнай галіны, праводзіцца дадатковае вывучэнне створанага беларускімі навукоўцамі натрый-графенавага акумулятара і г. д.

На форуме праведзены шэраг перагавораў. З расійскімі калегамі абмеркавана праграма СД па оптаэлектроніцы і ЗВЧ-электроніцы, а таксама падрыхтоўка і рэалізацыя новых саюзных праграм па мікраэлектроніцы, космасе, новых матэрыялах і інструменце. У цэнтры ўвагі перагавораў з кіраўніцтвам НДЦ «Курчатаўскі інстытут» былі пытанні рэалізацыі праектаў «мегасаенс» і ўдзелу арганізацый НАН Беларусі ў праграме РФ па сінхратронных даследаваннях.

Члены дэлегацыі прынялі ўдзел у рабоце круглага стала «Першае пасяджэнне Савета галоўных канструктараў станкабудаўнічай галіны» ў выставачным цэнтры Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. У час наведвання навуковых арганізацый Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук абмяркоўваліся перспектыўныя напрамкі пашырэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх вучоных. Сярод іх — пытанні рэалізацыі праектаў «Дарожнай карты» з Сібірскім аддзяленнем Расійскай акадэміі навук.

Х Міжнародны форум тэхналагічнага развіцця «Тэхнапрам-2023» прайшоў з 22 па 25 жніўня ў Новасібірску. Ключавая тэма юбілейнага форуму — «Тэхналогіі як фактар развіцця рэгіёнаў». Пляцоўкі «Тэхнапраму» працавалі па 11 асноўных трэках: лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект, ядзерна-інавацыйныя тэхналогіі, новыя матэрыялы, энергетыка, высокатэхналагічная ахова здароўя, аэракасмічныя тэхналогіі, аграбіятэхналогіі і генетыка, экалогія і клімат, прыбора- і станкабудаванне, мікраэлектроніка, нафтахімія.