Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.09.2023

Адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Аб падрыхтоўцы і правядзенні Фестывалю навукі - 2023»

13 верасня 2023 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Аб падрыхтоўцы і святкаванні 30-гадовага юбілею Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН)». Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі і намеснік кіраўніка МААН, акадэмік НАН Беларусі Пётр Віцязь падрабязна спыніліся на мерапрыемствах юбілейнага пасяджэння і значэнні дзейнасці МААН у пашырэнні міжнароднага супрацоўніцтва вучоных розных краін па ключавых напрамках развіцця сучаснай навукі.

Васіль Гурскі адзначыў: «Кіраўнік дзяржавы пастаянна арыентуе нас на бесперапыннае пашырэнне і паглыбленне міжнароднага супрацоўніцтва, у тым ліку ў частцы навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі развіваецца як буйны міжнародны навуковы цэнтр. Мы супрацоўнічаем з калегамі з больш як 85 краін. Пастаянна ідзе рост экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі. Супрацоўніцтва адбываецца на ўсіх узроўнях: навукоўцы ездзяць на канферэнцыі, выступаюць з дакладамі, устанаўліваюць сувязі, навуковыя арганізацыі заключаюць дагаворы, рэалізуюць сумесныя праекты. Развіваюць узаемадзеянне і ў цэлым Акадэміі навук». Намеснік кіраўніка МААН, акадэмік НАН Беларусі Пётр Віцязь падкрэсліў, што навука не мае меж і дапамагае ўстанаўліваць сувязі паміж народамі, аб’ядноўваць намаганні. «Мы зацікаўлены ў далейшым пашырэнні МААН. Запрашаем краіны ШАС, БРІКС да ўдзелу. Што тычыцца еўрапейскіх і амерыканскіх акадэмій навук, яны пакуль устрымліваюцца ад узаемадзеяння, але мы адкрытыя для дыялогу і абмену думкамі», — заявіў ён.

20–22 верасня 2023 года ў НАН Беларусі адбудзецца 36-е пасяджэнне Савета МААН, прысвечанае 30-годдзю з дня заснавання асацыяцыі. У рамках мерапрыемства, 21 верасня, адбудзецца пасяджэнне Савета маладых вучоных МААН. У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі Расіі, Беларусі, трох правінцый Кітая, Арменіі, Азербайджана, Кубы, В’етнама, Манголіі, Кыргызскай Рэспублікі і інш. На пасяджэнні будзе разгледжаны цэлы шэраг важных пытанняў. Удзельнікі абмяркуюць асноўныя вынікі дзейнасці МААН, дзейнасць навуковых саветаў МААН і стварэнне новых навуковых саветаў, прыняцце новага члена ў МААН, абранне правадзейных членаў (акадэмікаў) МААН і іншыя важныя праблемы. У цэнтры ўвагі кіраўнікоў акадэмій навук будуць пытанні далейшага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва па ключавых напрамках развіцця сучаснай навукі, вядучыя навукоўцы розных краін выступяць з навуковымі дакладамі.

Даведачна: Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук (МААН) аб’ядноўвае 26 арганізацый (акадэміі навук краін СНД і іншых краін, універсітэты, буйныя навуковыя цэнтры). З 2017 года функцыі базавай акадэміі навук у арганізацыйным і метадычным суправаджэнні МААН выконвае НАН Беларусі, а кіраўніком МААН з’яўляецца Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Гусакоў У. Р. Вышэйшы кіруючы орган МААН — Савет МААН. У МААН дзейнічае 26 навуковых саветаў па буйных навуковых напрамках, у склад якіх уваходзяць вядучыя навукоўцы ў галіне біялогіі, вірусалогіі, нанатэхналогій, геалогіі, гісторыі, навуказнаўства краін СНД, Кітая і інш.