Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.09.2023

У НАН Беларусі адбылася канферэнцыя, прысвечаная дзяржаўнай палітыцы ў сферы гісторыі

14 верасня 2023 года ў НАН Беларусі адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Дзяржаўная палітыка ў сферы гісторыі: праблемы і перспектывы захавання гістарычнай праўды і памяці». Арганізатарамі форуму выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, устаноў вышэйшай адукацыі, навуковых колаў і экспертнай супольнасці, музеяў, архіваў, грамадскіх аб’яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі.

На пленарным пасяджэнні кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергеенка зачытаў прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ўдзельнікам канферэнцыі. «Мы, беларусы, народ з багатай шматвяковай гісторыяй. Мы ганарымся сваім мінулым, вялікімі дасягненнямі і годна пройдзенымі выпрабаваннямі нашых продкаў. Памятаем, у якіх няпростых умовах ствараўся каштоўнасны падмурак беларускай дзяржаўнасці. Сёння на яго аснове працягваем нацыянальнае будаўніцтва і ўмацоўваем суверэнітэт Беларусі», — гаворыцца ў прывітанні.

Работа рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзяржаўная палітыка ў сферы гісторыі: праблемы і перспектывы захавання гістарычнай праўды і памяці» была прадоўжана ў рамках трох профільных секцый, дзе былі абмеркаваны праблемы навукова-тэарэтычнага і інфармацыйна-ідэалагічнага забеспячэння рэалізацыі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама пытанні рэалізацыі гэтай палітыкі ў сістэме адукацыі. Акрамя таго, удзельнікі канферэнцыі змаглі азнаёміцца з тэматычнымі выстаўкамі сучасных навуковых, навукова-папулярных, вучэбна-метадычных і мастацкіх выданняў, дакументаў нацыянальнага архіўнага фонду, а таксама з археалагічнай экспазіцыяй Інстытута гісторыі НАН Беларусі.