Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.09.2023

Адбудзецца круглы стол «Іван Насовіч: лінгвіст, этнограф і фалькларыст (да 235-годдзя з дня нараджэння)»

6 кастрычніка 2023 г. у 11:00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, д. 15, першы паверх, № 110) адбудзецца круглы стол «Іван Насовіч: лінгвіст, этнограф і фалькларыст (да 235-годдзя з дня нараджэння». Арганізатарамі круглага стала выступаюць Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

У рамках мерапрыемства плануецца абмеркаваць сучасны стан даследаванняў навуковай спадчыны Івана Насовіча, асаблівая ўвага будзе ўдзелена рукапісным матэрыялам вучонага, якія захоўваюцца ў архівах Беларусі і блізкага замежжа. На круглым стале будзе паказаны дакументальны фільм «Іван Насовіч» (1991), прадстаўлены навуковы каментарый аб грамадска-гістарычных перадумовах яго стварэння, стваральнікі фільма раскажуць пра ідэю і асаблівасці працы над ім. Завершыцца праграма круглага стала паказам дакументальнага фільма «Ад прадзедаў спакон вякоў...» (1997), прысвечанага беларускай мове, яе гісторыі і сучаснаму стану.

Запрашаюцца ўсе ахвочыя!

Даведка:

Іван Іванавіч Насовіч (7 кастрычніка 1788 – 6 жніўня 1877) — лінгвіст-лексікограф, этнограф, фалькларыст, педагог і грамадскі дзеяч, надзвычай поўна і ўсебакова адлюстраваў у сваёй дзейнасці жыццё беларускага народа XIX стагоддзя, яго духоўны свет.

Педагагічная дзейнасць І. Насовіча праходзіла ў розных рэгіёнах Паўночна-заходняга краю Расійскай імперыі, дзе ён знаёміўся з гаворкай мясцовых жыхароў, вывучаў асаблівасці іх маўлення, збіраў лексічны матэрыял і запісваў фальклорныя тэксты. І. Насовіч вядомы як фалькларыст і этнограф, укладальнік фальклорных зборнікаў беларускіх прыказак і прымавак, загадак, песень, легендаў, аднак першараднае месца ў яго навуковай дзейнасці займае моўная праца. Даследчык стварыў унікальны гістарычны слоўнік «Алфавітны паказальнік старадаўніх слоў, вынятых з “Актаў, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі”, выдадзеных у 1853 г.», які атрымаў высокую ацэнку спецыяльнай камісіі Расійскай акадэміі навук. Галоўнай навуковай працай І. Насовіча з’яўляецца «Слоўнік беларускай мовы» (1870), які ўключыў у сябе больш за 30 тысяч слоў, запісаных аўтарам у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губернях. Пры жыцці І. Насовіча «Слоўнік...» атрымаў высокую навуковую ацэнку, сам аўтар быў удастоены Дзямідаўскай прэміі. Гэта першае грунтоўнае даследаванне ў галіне беларускай лексікаграфіі, якое паўплывала на фарміраванне ўсходнеславянскай слоўнікавай дзейнасці. Слоўнік не страціў свайго значэння і ў нашы дні: ён з’яўляецца важнай крыніцай лексікі, фразеалогіі і граматыкі беларускай мовы XIX стагоддзя, дае ўяўленне аб вымаўленні, словаўтварэнні і стылістычных асаблівасцях беларускага слова, а таксама аб філасофіі і светапоглядзе нашага народа, яго духу і светаразуменні.

Кантакты: Лапцёнак Алена Мікалаеўна: 8017 270 04 74

Тэгi
#анонсы