Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.11.2023

Інстытут філасофіі праводзіць Міжнародную навуковую канферэнцыю «Інтэлектуальная культура Беларусі: гуманітарная бяспека ва ўмовах глабальных выклікаў»

ДНУ «Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» праводзіць 16–17 лістапада 2023 года Міжнародную навуковую канферэнцыю «Інтэлектуальная культура Беларусі: гуманітарная бяспека ва ўмовах глабальных выклікаў».

Канферэнцыя працягвае серыю штогадовых мерапрыемстваў Інстытута філасофіі НАН Беларусі, прымеркаваных да Сусветнага дня філасофіі ЮНЕСКА (адзначаецца ў трэці чацвер лістапада) і прысвечана раскрыццю і папулярызацыі інтэлектуальнай культуры Беларусі ў разнастайнасці яе гісторыка-навуковых, філасофскіх і сацыяльна-каштоўнасных праяў.

Праблематыка канферэнцыі 2023 года арыентавана на выяўленне ролі і месца інтэлектуальнай культуры ў забеспячэнні гуманітарнай бяспекі і ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь, што асабліва важна ва ўмовах турбулентнай сацыяльнай дынамікі сучаснасці.

У канферэнцыі прымуць удзел навукоўцы, прадстаўнікі экспертнай супольнасці, выкладчыкі, работнікі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый з Беларусі, Расіі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Казахстана, Узбекістана, Сербіі, Азербайджана.

У праграме канферэнцыі: пленарнае пасяджэнне, работа пяці секцый — «Сацыядынаміка, устойлівае развіццё і гуманітарная бяспека ў лічбавую эпоху»; «Інтэлектуальная гісторыя Беларусі і сусветная філасофская думка: нацыянальны, еўразійскі, універсальны кантэксты»; «Філасофскае і этыка-эстэтычнае асэнсаванне праблем культуры, навукі, адукацыі і выхавання ў кантэксце забеспячэння гуманітарнай бяспекі»; «Станаўленне сучаснай навуковай карціны свету: трансдысцыплінарны сінтэз, гуманітарны кантэкст»; «Канцэптуальнае і праблемнае поле, сучасныя парадыгмы рэлігіязнаўства і філасофіі рэлігіі»

Адбудзецца таксама абмеркаванне ключавых філасофскіх праблем сучаснасці ў рамках работы шасці круглых сталоў: «Этычныя прынцыпы прымянення біямедыцынскіх ведаў»; «Беларусь і Кітай у сістэме глабальнага партнёрства»; «Уклад інтэлектуалаў у постканфліктнае развіццё: педагогіка, філасофія, культура»; «Ператвораныя формы сучаснай сацыяльнасці: анталогія, сутнасць, шляхі пераадолення»; «Тэхна- і медыясфера грамадства як фактары сацыялізацыі і выхавання падрастаючага пакалення: сацыяльна-філасофскі аналіз»; «Феномены сусветнай культуры (да юбілеяў Ф. Кафкі і А. Камю)» і інтэлектуальнай пляцоўкі «Маладая акадэмія».

Да пачатку канферэнцыі будзе выдадзены зборнік навуковых прац у двух тамах.

Азнаёміцца з матэрыяламі і праграмай канферэнцыі можна на сайце Інстытута філасофіі НАН Беларусі http://philosophy.by/ru/event/event-2023-11-16-17/

Тэгi
#анонсы