Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.12.2023

У НАН Беларусі прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы

5 снежня 2023 года ў НАН Беларусі пад старшынствам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігара Сергеенкі прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У яго рабоце ад НАН Беларусі прынялі ўдзел: Уладзімір Гусакоў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, Вадзім Лакіза, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Члены савета абмеркавалі распрацоўку навучальных праграм па гісторыі беларускай дзяржаўнасці для сярэдняй спецыяльнай адукацыі і па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі для 10-х класаў; дарожную карту развіцця часопісаў «Беларускі гістарычны часопіс» і «Гісторыя і грамадазнаўства»; выпрацоўку адзіных падыходаў да рэалізацыі культурнага імпартазамяшчэння і інш. Гаворачы аб папярэдніх выніках работы Савета ў адыходзячым годзе, Ігар Сяргеенка нагадаў, што Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта працуе другі год: «Калі ў мінулым годзе мы ссунулі з месца тэму выкладання гісторыі ў вышэйшых навучальных установах, увялі курс гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў краіне, у тым ліку з дапамогай савета, удасканалілі школьную гістарычную адукацыю, то ў гэтым годзе новым з’явілася правядзенне шэрагу гістарычных навуковых канферэнцый, якія тычацца пытанняў захавання гістарычнай памяці і гістарычнай праўды, на больш высокім узроўні, у тым ліку на базе Нацыянальнай акадэміі навук. І новым з’явілася ўзаемадзеянне з нашымі партнёрамі, у першую чаргу з Расійскай Федэрацыяй».

Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў створаны распараджэннем Кіраўніка дзяржавы 4 лютага 2022 года — у Год гістарычнай памяці. У склад савета на грамадскіх пачатках увайшлі навукоўцы-гуманітарыі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, экспертнай супольнасці, дзяржорганаў і арганізацый. Ключавую ролю ў рабоце савета выконвае НАН Беларусі, на якую ўскладзена арганізацыйнае, экспертна-аналітычнае і навукова-метадычнае забеспячэнне яго дзейнасці.